На беларуска-літоўскай мяжы згарэла расійская фура з сантэхнікай
Як распавёў выратавальнікам 53-гадовы кіроўца, ён вёз з Калінінграда ў Самару транзітам праз Літву і Беларусь 14 тон сантэхнікі: унітазы, ванныя. Машына тры дні была на стаянцы, кіроўца ў ёй жыў. На працягу гэтага часу мужчына рамантаваў турбіну рухавіка.
Сёння ноччу кіроўца прачнуўся ад едкага паху дыму.
А першай гадзіне ночы паведамленне аб пажары паступіла ў Астравецкі райаддзел па надзвычайных сітуацыях, паведамляе інспектар групы прапаганды і навучання Эдуард Малышка. Калі выратавальнікі былі на месцы пажару, кабіна машыны “МАН-23403” 1998 года выпуску прадпрымальніка з Калінінграда цалкам згарэла, пашкоджаны тэнт кузава і прычэпа, упаковачная тара сантэхнікі.
Папярэдняя прычына пажару − кароткае замыканне аўтаномнага абагравальніка на дызельным паліве, які ўсталяваны пад сядзеннем кіроўцы.