Ёсць яшчэ – што і каму даказваць

|

Усё пачалося з выбачэнняў – каманда спазнілася на сустрэчу на 20 хвілін, паважлівай прычынай стаў запланаваны трэніровачны матч. Прадстаўленне каманды пачалося з легіянераў … Многія заўзятары імгненна звярнулі ўвагу, што пачаткоўцы сядзяць асобна. Але Сяргей Вітальевіч Саладоўнікаў адразу даў зразумець, што крэслы расстаўляў не ён, і тое, што хлопцы сядзяць ледзь не далей за ўсіх – прыкрая выпадковасць.

 

Першае пытанне было да старшыні клуба Леаніда Фёдаравіча Дзмітраніцы: многія заўзятары не зразумелі, што ж будзе з Дзмітрыем Кавалёнкам? Гулец аддаў клубу вельмі шмат часу і лічыцца адным з лепшых членаў каманды (нагадаем, што кантракт з Кавалёнкам да гэтага часу яшчэ не падоўжаны)?

>

У спартыўных выданнях пісалася, што, калі Нёман не знойдзе нападаючага, Дзмітрый Кавалёнак застанецца, але, калі знойдуць падыходзячую кандыдатуру, то прыйдзецца развітацца з лепшым бамбардзірам «Нёмана». Дзмітраніца распавёў, што перамовы з Кавалёнкам вядуцца, ён трэніруецца з камандай, і ў бліжэйшыя дні яго пытанне вырашыцца.

Наступнае пытанне было адрасавана зноў жа да кіраўніцтву Клуба. Заўзятары цікавіліся задачамі на сезон, на Кубак і на чэмпіянат. Сяргей Саладоўнікаў адказаў на пытанне так: «Задача ў Кубку – выйсці ў фінал і выйграць яго, бо ў мінулым Кубку мы дайшлі да фіналу і прайгралі. У гэтым годзе будзем перамагаць. Што тычыцца чэмпіянату, то задачу перад сабой ставім такую – трапіць у пяцёрку лепшых. Калі разглядаць звыш-задачу, то імкнемся патрапіць у зону Еўракубкаў».

 

Шмат пытанняў тычылася бюджэту Клуба. Дакладны бюджэт старшыня Клуба назваць не мог (або не захацеў), але «супакоіў», што па бюджэце – мы дзе-та ў сярэдзіне сярод каманд Вышэйшай лігі. Сума так названая і не была, але заўзятары вымусілі Леаніда Фёдаравіча распавесці пра яго асабісты заробак. Па словах старшыні ФК «Нёман», заробак яго складае 4 млн. беларускі рублёў.

 

На пытанне пра месца трэніровак каманды, Дзмітраніца адказаў, што каманда будзе трэніравацца на тых жа палях, што і ў мінулым годзе (на стадыёне па вул. Захарава і на турбазе «Нёман»). Пасля зімы гэтыя палі захаваліся ў добрым стане, дадаў Сяргей Саладоўнікаў. Таксама будзе падрыхтоўвацца для працы поле нашай дзіцячай футбольнай школы. На прагматычнае пытанне аднаго з заўзятараў – «калі ў каманды няма грошай, і горад не ў сілах праспансаваць клуб, чаму б не прадаць акцыі клуба бізнесменам, або людзям, у якіх ёсць грошы» – кіраўніцтва клуба усміхнулася ў адказ…

Леанід Фёдаравіч распавёў, што зусім нядаўна гэтае пытанне ўздымалася сярод бізнесменаў і мясцовых прадпрымальнікаў, адказ быў кароткі: «Нёман» яшчэ «НЕ ПАСПЕЎ», трэба шмат працы прарабіць, каб гэтае пытанне стала актуальным». Капітанам на сезон застаецца ўсё той жа Іван Дзенісевіч. На пытанне, чаму каманда прайграла фінал Кубка-2011, Іван Дзенісевіч адказаў так:

 

– У каманды была правільная падрыхтоўка, імкнуліся і рыхтаваліся, вельмі хацелі выйграць гэты кубак, бо за нас прыехала «хварэць» вялікая армія нашых заўзятараў. Фінал не атрымаўся, мы прайгралі … Але цяпер у нас утварылася моцная новая каманда, якая гатовая біцца да апошняга. Умацаваныя ўсе пазіцыі. На дадзены момант у нас галоўная задача – выйграць Кубак Беларусі.

 

Таксама старшыня клуба распавёў, што на ўвесь сезон, у тым ліку і на кубкавы матчы, будуць існаваць абанементы коштам 190 тыс. руб. А ўваход на першы матч чэмпіянату будзе вольным.

У заключнай частцы сустрэчы гульцы, трэнерскі штаб, кіраўніцтва клуба ад усёй душы падзякавалі заўзятараў за ўвагу да каманды, за тое, што яны заўсёды падтрымліваюць сваіх улюбёнцаў і выказалі надзею на тое, што колькасць верных прыхільнікаў каманды будзе расці. Гульцы, у сваю чаргу, пастараюцца адплаціць за вернасць прыгожай гульнёй і яскравымі перамогамі.

А ад сябе хачу пажадаць поспеху Дзмітрыю Кавалёнку … Бо гэты гулец адзін з лепшых бамбардзіраў клуба, ён шмат чаго аддаў гродзенскаму футболу і гатовы аддаваць далей. Як сказаў сам Дзіма: «З футболам развітвацца не збіраюся … Ёсць яшчэ што і каму даказваць!».