Слуханні ўратавалі частку дрэваў ад вынішчэння

|

На грамадскіх слуханнях 16 сакавіка прысутных было няшмат. На пачатку прыйшло каля 50 чалавек, але разабраць, хто з іх удзельнік, а хто прадстаўнік камісіі, было складана, бо ўсе сядзелі ў адной залі, а камісія не была прадстаўлена. Прадстаўнікоў грамадскасці было каля 20 чалавек, калі лічыць па колькасці галасаваўшых. Каардынатар “Орхускага цэнтра” ў Гродне на слуханні не прыйшла.

 

Шкада, што ратаваць зеляніну ў Гродне, якая яшчэ засталася, збіраецца 20 чалавек з 400 тысяч гараджан. За апошнія гады горад страціў сваю ўтульнасць, губляе славу “зялёнага” і можа пахваліцца толькі жоўтымі фарбаванымі сценамі. Я не магу з гэтым змірыцца, таму сёння я тут, – патлумачыла сваю прысутнасць на слуханнях адна з удзельніц.

 

Да разгляду было прапанавана 8 спраў. Бралі слова замоўцы, дэманстравалі праекты і запэўнівалі прысутных у тым, што іншага выйсця, як спілаваць дрэвы, няма, што з жыхарамі дамоў, каля якіх ідуць вырубкі, вядзецца праца і перамовы: высаджваецца дрэў столькі ж, колькі высякаецца.

 

Прысутныя рабілі выгляд, што не вераць ніводнаму слову. Такая крытычнасць усё ж такі дапамагла знайсці выйсце ў справе трох соснаў па вуліцы Карскага. Замест таго, каб шляхам высякання прыбраць дрэвы з балансу прадпрыемства, аказалася, іх можна проста перадаць сённяшняму ўладальніку тэрыторыі (па спасылцы – аўдыё запіс абмеркавання гэтага пытання падчас слуханняў)

 

alt=”Image 20231″ >

 

Галоўнай падзеяй дня стала галасаванне па справе дрэваў у мікрараёне Вішнявец. Дзякуючы той самай грамадскай крытычнасці вынікі папярэдняга галасавання па гэтай справе былі ануляваныя Камісіяй па зносе зялёных насаджэнняў з-за невялікай колькасці ўдзельнікаў і пазіцыі гарсавету дэпутатаў. Новы праект уратаваў 41 дрэва, але абышоўся замоўцу больш на 800 мільёнаў рублёў.

 

Напэўна, даўжэй за ўсіх разглядалася справа выдалення дрэваў па адрасе Урублеўскага, 30. Адзін за адным прысутныя выказваліся супраць. Галоўным чынам іх не задавальняла тое, што дрэвы высякаюцца дзеля размяшчэння аўтамабіляў. Намеснік дырэктара ЖКХ Ленінскага раёна Мікалай Гардзейчык, які прэзентаваў праект, паведаміў, што мае подпісы жыхароў дома са згодай на такі план. Але які іх працэнт ад агульнай колькасці, адказаць не змог.

 

Сярод прысутных быў толькі 1 жыхар з гэтага раёна – Мікалай Вінаградаў, які выказаў свае прапановы па захоўванні дрэваў і пасадцы новых. Мужчына турбаваўся, што некаторыя дрэвы ўжо высечаны, а астатнія адзначаны белымі пазнакамі “для спілу”. Мікалай Гардзейчык запэўніў, што пазнакі да гэтай справы не маюць дачынення.

 

Прысутная ў першай палове сустрэчы дэпутат Людміла Сяўко выступіла з прапановай стварэння “дамовых” кааператываў, якія маглі б вырашаць усе праблемныя пытанні з жыхарамі.

 

 

Праект “Зарыца-4” прадставіў намеснік дырэктара гарадскога аб’яднання ЖКХ Сяргей Сцяпан Іванавіч. Праект распрацаваны па шматлікіх зваротах забудоўшчыкаў. Згодна з праектам высяканне 28 дрэваў неабходна, каб правесці жыхарам раёна электрычнасць.

 

 

Не спадабаўся гарадзенцам і праект абласной філармоніі, дзе рамонту фасада і пад’езду тэхніцы перашкаджаюць 28 дрэў, сярод якіх, дарэчы, блакітныя елкі і клёны.

 

У сувязі з адсутнасцю замоўцаў з галасавання былі знятыя 3 праекты.

 

Прысутным былі прадэманстраваны дакументы, па якіх у горадзе ідзе азеляненне, але адказаць на пытанне, дзе менавіта ўжо можна пабачыць новы малады сквер, ніхто адказу не даў.

 

 

Праз паўтары гадзіны ў залі засталіся самыя трывалыя: 3 сябры камісіі, 2 журналісты і 6 асобаў, што прадстаўлялі грамадскія інтарэсы. Аказалася, што вынікі галасавання будуць толькі пасля выходных. Такая навіна выклікала недавер гарадзенцаў да камісіі і яны пачалі пільна сачыць за запаўненнем ведамасцяў, якія так і не былі запоўнены падчас слуханняў. Больш за тое, падчас падпісання пратаколаў высветлілася, што адзін з іх знік.

 

 

Камісія была створана у сувязі з пастановай Савета Міністраў ад 25 кастрычніка 2011 г. Гэта першы наш вопыт, будзем улічваць рэкамендацыі, – пракаментаваў відавочную неарганізаванасць слуханняў намеснік старшыні гарвыканкама Зміцер Куранцоў.

 

Здымкі аўтара