Футбалісты “Нёмана” выйшлі ў паўфінал Кубка Беларусі
Нагадаем, што некалькі дзён таму каманда з Клецка напісала ў Беларускую федэрацыю футбола ліст, у якім паведамляла пра немагчымасць працягнуць барацьбу за Кубак краіны.
У выніку госці ўсё ж прыехалі … на аўтобусе, які адправіла ў Клецк кіраўніцтва ФК «Нёман»!
Каманда з Клецка лічылася намінальным гаспадаром поля. Атрымалася так, што «Нёман» гуляў у сябе дома ў «гасцях». Але гэта на гульню не паўплывала.
Сяргей Саладоўнікаў – галоўны трэнер «Нёмана» – выпусціў на матч наймацнейшы склад. Ужо з першых хвілін гарадзенцы завалодалі ініцыятывай. На 7-й хв. сербскі дэбютант «Нёмана» Уладзімір Весялінаў адкрыў лік.
Аблога варот «Клечаска» працягнулася. На фланзе дзейнічаў вельмі актыўны Павал Савіцкі. Менавіта юны гарадзенец на 27-й хвіліне падвоіў перавагу: “раскруціўшы” у куце штрафной двух абаронцаў, прабіў мяч у далёкую дзявятку.
Гульня ў гарадзенцаў пайшла! Але ўзнікалі праблемы з рэалізацыяй момантаў – то Савіцкі ў штангу патрапіць, то Крывабок не ведае куды і як аддаць пас.
Тым не менш, ужо на 34-й хвіліне матчу лік становіцца 3:0 – Весялінаў, атрымаўшы перадачу ад Дзянісевіча, выйшаў сам на сам з галкіперам «Клечаска» і аформіў «дубль». Выдатны дэбют у серба!
Другі тайм. «Нёман» зноў вядзе гульню на палове суперніка. Як кажуць, ідзе «гульня ў адну браму»: гарадзенская дружына літаральна расстрэльвала браму каманды з Клецка.
На 58-й хвіліне капітан «Нёмана» Іван Дзянісевіч (на здымку) рэалізаваў пенальці за фол супраць Савасцьянава.
>
«Нёман» на гэтым не спыніўся. Старанні Савіцкага прынеслі пяты гол у вароты «Клечаска». Павал прарваўся па левым фланзе і зрабіў перадачу Вітусу, якому заставалася толькі падставіць нагу – 5:0!
З трыбун пачулася «Лепш бы не прыязджалі!». Але аддамо належнае камандзе з Клецка – у такім цяжкім фінансавым становішчы яны прыехалі на матч, які мог бы і зусім не адбыцца.
Кропку ў матчы паставіў Артур Бомбель, які з амаль з дзясятай спробы ўсё ж такі забіў свой гол. Выніковы лік – 6:0. Пры гэтым ён мог бы быць ў два разы большым, калі б не падвяла рэалізацыя. Ёсць над чым працаваць.
У выніку – гарадзенская дружына выйшла ў паўфінал Кубка Беларусі. Магчымымі супернікамі гарадзенцаў могуць стаць наваполацкі «Нафтан», які 17 сакавіка перамог з лікам 2-1 “Ліду”, мінулагодні супернік “Нёмана” па фінале Кубка – “Гомель”, а таксама пераможца пары СКВІЧ – “Мінск”, якія згуляюць 18-га сакавіка.
Фота: fcneman.by