“Гародня з мовай” – пятая гарадзенская дыктоўка адбудзецца 24 сакавіка
Як звычайна, напісанне агульнанацыянальнай дыктоўкі ў Гродне будзе спалучана з культурнымі імпрэзамі, салодкім пачастункам і невялічкімі прэзентамі для ўсіх удзельнікаў.
Гэтым разам пасля дыктоўкі гродзенцаў чакае выступ Алеся Камоцкага і прэзентацыя двух апошніх выданняў выдавецкай ініцыятывы “Гарадзенская бібліятэка”. Кнігу ”Ларыса Геніюш. Лісты з Зэльвы” “Ларыса Геніюш. Лісты з Зэльвы” (ліставанні паэткі – 420 лістоў, 366 з якіх публікуюцца ўпершыню,) прадставіць укладальнік Міхась Скобла. Сяргей Шапран прэзентуе кнігу “Васіль Быкаў. Гарадзенскі архіў” – невядомыя раней творы пісьменніка, нататнікі за 1957 – 1972 гады – матэрыялы гродзенскага перыяду жыцця Быкава, што захоўваюцца ў малодшага сына пісьменніка.
Дыктоўка распачнецца ў 14 гадзін па адрасе: вул.Будзёнага 48а, зала ва ўнутраным дворыку. Арганізатары імпрэзы – выдавецкая ініцыятыва “Гарадзенская бібліятэка” і Таварыства Беларускай школы – абяцаюць мілую сяброўскую атмасферу і торт для ўсіх прысутных.
Запрашаем усіх!
Будзьма з мовай!
Здымак Хрысціны Марчук