Гродзенская пракуратура: БАЖ не мае права абскарджваць пракурорскія папярэджанні
«Тлумачу, што ў адпаведнасці з арт. 42 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб пракуратуры Рэспублікі Беларусь» пры нязгодзе з афіцыйным папярэджаннем службовая асоба, іншы грамадзянін, у дачыненні да якіх яно вынесена, мае права абскардзіць яго вышэйшаму пракурору, калі іншае не прадугледжана заканадаўчымі актамі», – гаворыцца ў адказе пракурора.
«Такім чынам, з улікам норм вышэйназванага Закона, «ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» права на абскарджанне акту пракурорскага рэагавання – папярэджання – не прадастаўлена». Арганізацыю такі адказ не задаволіў, таму што ён не адпавядае сэнсу звароту.
– Насамрэч наш ліст не быў «абскарджаннем акту пракурорскага рэагавання, – падкрэслівае намеснік старшыні ГА БАЖ, юрыст Андрэй Бастунец. – Мы звярталі ўвагу пракуратуры на тое, што яе супрацоўнікі няправільна трактуюць многія палажэнні заканадаўства «Аб СМІ», у прыватнасці – датычна статусу журналіста замежнага СМІ. Таму мы збіраемся паўторна звярнуцца ў тую ж пракуратуру, яшчэ раз патлумачыўшы сутнасць нашых патрабаванняў.
Нагадаем, што 2-га сакавіка арганізацыя накіравала пракурору Гродзенскай вобласці Віктару Марозаву афіцыйны ліст з заклікам адмяніць афіцыйныя папярэджанні журналістам-сябрам ГА БАЖ Віктару Парфёненку, Аляксандру Дзянісаву, Мікалаю Дзячэню і Гражыне Шалкевіч, а таксама правесці для работнікаў пракуратуры Гродзенскай вобласці тлумачэнні палажэнняў закона «Аб СМІ» з мэтай спыніць яго абмежавальнае прымяненне.