Дзень памяці Кастуся Каліноўскага адбудзецца ў Вільні, Гродна. Дзе яшчэ?
22-га сакавіка ў Вільні ладзіцца Дзень памяці пра Кастуся Каліноўскага.
У гэты вясновы дзень 1864 году расейскія карнікі пакаралі смерцю кіраўніка нацыянальна-вызваленчага паўстання ў Беларусі і Літве.
Грамадская ініцыятыва “Беларуская Нацыянальная Памяць” запрашае усіх патрыётаў а 17-й гадзіне сабрацца каля памятнага крыжа на Лукішскім пляцы, каб разам ушанаваць памяць змагара за волю нашага Краю.
Ініцыятары мерапрыемства таксама просяць усіх, хто мае магчымасць, арганізаваць Дзень памяці Кастуся Каліноўскага ў Беларусі: у месцах, звязаных з дзейнасцю герояў пасўтання 1863 году – у Свіслачы, Якушоўцы, Гродна, вёсцы Плябань на Вілейшчыне.
У Гродна Дзень памяці Каліноўскага гарадзенская патрыятычная моладзь адзначала с пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, а помнік Каліноўскаму ў Гродна павінен быў упрыгожыць горад яшчэ напрыканцы 80-х. Жыхары Гродна нават збіралі подпісы, якія потым перадалі ў гарвыканкам.
У 2004 годзе гарадзенцы сабралі каля 2000 подпісаў, каб перайменаваць плошчу Леніна ў плошчу Каліноўскага. Улады горада зацвердзілі месца, дзе павінен стаяць помнік Каліноўскаму, але ні адказу пра перайменаванне, ні помніка нацыянальнаму герою ў Гродне дагэтуль няма.
На здымку: мемарыяльная шыльда ў гонар паўстання 1863 г. на будынку чыгуначнага вакзала ў Гродне