«Людзі адчуваюць культурны голад да ўсяго беларускага»

|

-Ганна, у сваёй працы вы абралі беларускі накірунак.


Няўжо адпачынак у Беларусі нарэшце стаў камусьці цікавым?


-Так, мы  працуем толькі з маршрутамі па Беларусі, што называецца, “прадаем” Беларусь турыстам.

 

На мой погляд, зараз людзі адчуваюць культурны голад  да беларускага, які патрэбна задаволіць.

 

Відаць, людзям надакучылі карпаратывы і яны шукаюць іншыя варыянты адпачынку. Нават беларуская мова стала больш прывабнай для людзей, яна ўжо не выклікае смех ці гнеў.

 

Зараз шмат месцаў, дзе можна пакаштаваць беларускую кухню, стаць удзельнікам беларускіх свят і нават адгуляць вяселле ў беларускім стылі.

 

 

Набывае попыт і агратурызм, а таксама месцы для сямейнага адпачынку.

 

Мне здаецца, беларусы пачынаюць разумець, што культура адпачынку павінна прывівацца з дзяцінства. Так робіцца ў Еўропе, але нам да гэтага яшчэ далёка.

 

– На вашым сайце прадстаўлена шмат маршрутаў: тэматычных, экстрымальных, краязнаўчых, экскурсіі для дзяцей. Распрацаваць новы маршрут – складаны працэс?


-Гэта вельмі цяжкі працэс, асабліва калі зусім не ведаеш мясцовасці. У распрацоўцы маршрута шмат нюансаў: людзей трэба адвезці, накарміць, знайсці жытло, неяк павесяліць. Таксама складана знайсці добрага экскурсавода.

 

Вельмі мала сярод экскурсаводаў сапраўды зацікаўленых людзей. Лепшыя ў гэтай справе – аматары, якія ведаюць, як зацікавіць людзей. Сухія факты нікому не патрэбны. Людзі любяць розныя жыццёвыя гісторыі: пра шчаслівае ці нешчаслівае каханне і гэтак далей.

 

– Нядаўна “Мерцана” заявіла сваю намінацыю “Нестандартная Беларусь” для ўдзельнікаў конкурса для журналістаў-пачаткоўцаў. А што для вас саміх Беларусь нестандартная і стандартная?


-Беларусь – цікавая краіна, якой ёсць што паказаць турыстам. Мы працуем у гэтай сферы два гады, але за гэты маленькі час упэўніліся, што амаль у кожнай вёсцы, у кожным куточку краіны можна знайсці нешта цікавае і невядомае шырокаму колу людзей, што можа быць прывабным не толькі для турыстаў-беларусаў, але і для турыстаў з іншых краін.

 

Зараз найбольш папулярныя маршруты, пра якія мы кажам “папсовыя”: Мірскі, Нясвіжскі, Ружанскі замкі, розныя паломніцкія туры.

 

Нам бы хацелася, напрыклад, паказаць беларусам Магілёўшчыну і Гомельшчыну. Там вельмі шмат цікавых месцаў! Але пакуль што знайшлося няшмат ахвотных. Можа, радыяцыі пужаюцца…

 

>

 

– Якія працы ў гэтай намінацыі вы чакаеце ад маладых журналістаў?

 

– Гэтая намінацыя – магчымасць для маладзенаў зрабіць свой унесак у развіццё турызма ў Беларусі.

 

Можна паразмаўляць са сваімі бабулямі і дзядулямі, пашукаць больш цікавых і невядомых фактаў у сваёй мясцовасці.

 

І больш сваіх крэатыўных думак, каб прыцягнуць увагу беларускага  народа да яго гісторыі і культуры. А каб больш заахвоціць маладых журналістаў, скажу, што аўтар лепшага матэрыяла трапіць разам з сябрам на займальную экскурсію “Апошняя крэпасць Расейскай Імперыі”.

 

Аўтар гэтага маршрута – Андрэй Мялешка і прысвечаны ён фартам – пабудовам часоў І Сусветнай вайны. Іншыя ўдзельнікі, якія займуць другое і трэцяе месца, таксама будуць узнагароджаны спецыяльнымі прызамі ад ТАА “Мерцана”.

 

Фота аўтара

 

Ад рэдакцыі:

 

Пераможцы ўсіх конкурсных намінацый у межах ІІІ Фестывалю моладзевай журналістыкі “Твой стыль” (25-27 мая 2012 г.) атрымаюць таксама дыпломы і прызы ад арганізатараў Фэсту.