Калі вы ў Друскеніках і маеце 200 літаў

| Без катэгорыі

Літоўская валюта для многіх жыхароў Беларусі застаецца малавядомай, хаця ў апошні час Літва ўсё часцей становіцца для нас «вакном» ў Шэнгенскую зону, месцам адпачынку і шопінгу. У Літве, самая вялікая па наміналу банкнота – 500 літаў. Але дзеля чысціні эксперыменту ўявім сабе, што маем у кішэні толькі 200 літаў (на беларускія грошы – каля 600 тысяч рублёў, або тры беларускія банкноты найбольшага намінала і памер сярэдняй сацыяльнай пенсіі беларусаў).

 

Ацаніць пакупніцкую здольнасць гэтай сумы нам дапаможа трохтыднёвы побыт карэспандэнта «Твайго стылю» у санаторыі «Беларусь» пры Упраўленні справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, што ў горадзе Друскенінкі.

 

– Цяперашнія Друскенікі – сучасны і своеасаблівы міжнародны курорт, які прадстаўляе высакаякасныя паслугі ў галіне аздараўлення, турызму, рэкрэацыі, а таксама забяспечвае высокую якасць жыцця, – распавёў нам доктар Ігар Тарадай, мануальны тэрапеўт санаторыя «Беларусь».

 

Ён ужо 30 гадоў працуе ў Літве, тут жа працуе і яго сын. Паводле слоў доктара Тарадая ў санаторыі працуе больш дзесяці чалавек з Гродна.

 

– Некаторые ездзяць дадому кожны дзень. Хтосьці арэндуе кватэру у Друскеніках, – распавядае наш суразмоўца і не бяз гонару дадае, што апошнім часам Еўразвяз інвеставаў у развіццё найбуйнейшага курорта Літвы, якім з’яўляюцца Друскенікі, 29 млн. еўра. – Гэта стварыла вялікую колькасць працоўных месаў і можна сказаць, што ў Друскеніках адчуваецца дэфіцыт працоўных рук.

 

Што, дзе, па якой цане?

Але ці ёсць сэнс жыць і працаваць у Літве? Вядома ж, заробкі тут большыя, чым у Беларусі (сярэдняя пенсія ў Літве – 800 літаў, ці 2 млн. 400 тыс. беларускіх рублёў), але напэўна і жыццё даражэйшае? Наведваем гандлёвую сетку «Maxima».

На некаторыя прадукты харчавання на першы прыкід цэны здаліся больш высокімі ў параўнанні з беларускімі.

 

Свініна без косткі (1 кг.) абыйдзецца вам у 12,99 літаў (38 900 руб.), кілаграм апельсінаў – у 2,99 – 4,49 літаў (8 900 – 13 400 руб).

 

Калі набудзем усё гэта па самых высокіх коштах – наша пачатковая сума паменшыцца на 45 літаў і ў нас застанецца яшчэ 155. Аднак, «не хлебам адзіным», як кажуць, таму, накіруемся да дома-музею М.К. Чурлёніса, вядомага мастака, паэта і кампазітара.

На гэтай пляцоўцы Літоўскім фондам падтрымкі музыкаў ладзяцца мерапрыемствы ў межах праекту «Лета ў Друскеніках з М.К. Чурлёнісам». Падчас «Лета» адбываюцца канцэрты ўдзельнікаў міжнароднага фестывалю «Музыка без межаў», канцэрты фартэпіяннай музыкі, мерапрыемствы фестывалю «Музычная восень». Уваходны квіток для дарослых каштуе 4 літы (12 000 рублёў). У нас застаўся 151 літ, дык пойдзем забавімся і актыўна адпачнем!

 

Адметным месцам Друскенік з’яўляецца адзін з найбуйнейшых ў Еўропе аквапаркаў

Комплекс водных забаў займае плошчу ў 9000 квадратных метраў. Тут ёсць і вежа з горкамі для спуску і, размешчаная пад вялікім купалам, зона басейнаў. Вежа з горкамі для спуску – гэта 6 закрытых і адкрытых горак, самая доўгая з якіх 212 метраў!

>

Зона басейнаў – гэта басейн з марскімі хвалямі, бурная рака, вялікі басейн воднага парку са скаламі, віхравымі ваннамі, воднымі каскадамі, масажнымі бруямі. Праз вітрыннае вакно можна назіраць цудоўную панараму – паўстае ілюзія, быццам рукой можна дакрануцца да берагоў Нёмана.

 

У аквапарку ёсць 18 паравых і сухіх лазняў, а таксама месца для адпачынку, дзе можна проста расслабіцца, пачытаць газеты і часопісы. Уваходны квіток на 3 гадзіны побыту (а менш часу вам зусім ні на што не хопіць) абыдзецца ў 50 літаў (150 тысяч рублёў). Але трэба сачыць за сістэмай зніжак. Напрыклад, сям’я з двумя дзеткамі заплаціць значна менш за адпачынак у часе светавога дня. Можна таксама набыць месячны абанемент за 150 літаў (450 тысяч рублёў) і хадзіць у аквапарк кожны дзень. Маем у кішэні яшчэ каля 100 літаў, то паспрабуем іх выдаць у іншым месцы!

 

Snoras Snow Arena

Нa супрацьлеглым да аквапарку беразе ракі Нёман пабудаваны зімовы забаўляльны комплекс «Snoras Snow Arena», дзе можна карыстацца лыжнёй нават у самыя гарачыя летнія дні.

Гэта апошняя форма забавы для гасцей курорта. Тут можна пакатацца на каньках, пагуляць у хакей, у хвіліну перадышкі атрымаць асалоду ад масажу і духмянай гарбаты, а вечарамі забаўляцца ў снежным рэстаране. Snow arena па сукупнасці сваіх тэхнічных параметраў уваходзіць у пяцёрку самых лепшых крытых лыжных курортаў свету. На дадзены момант у свеце дзейнічае каля 50 крытых лыжных цэнтраў.

 

Большасць з іх (каля 30) ўладкавана ў Еўропе. Ёсць яны таксама ў ЗША, Японіі, Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, Аўстраліі, Новай Зеландыі, Малайзіі, Сінгапуры, Індыі, Паўднёвай Карэі. І вось – у 35 км ад Гродна… Квіток на гарналыжную трассу ў Друскеніках каштуе 50 літаў (150 тыс. рублёў) на 2 гадзіны, пракат лыж – 55 літаў (165 тыс. руб.). Несумненна выгодна набыць абанемент на месяц, нават на цэлы год. Кошт абанементаў – ад 299 да 1899 літаў (900 тыс. – 5 700 тыс. руб.).

 

Нажаль, грошы скончыліся. Але, які ж беларус будзе везці з Літвы свініну? Уявім, што ў «Максіме» мы яе не набывалі і атрымліваецца, што маем яшчэ каля 20 літаў. Ці можна вярнуцца дахаты без сувеніра ці ўпрыгожэнні з бурштыну?

Багацце гэтай старажытнай закамянелай смалы Балтыка пасля шторму выкідвае на бераг. У Друскеніках ёсць некалькі ўтульных салонаў, дзе можна купіць дарагія і не вельмі ўпрыгажэнні з бурштыну ў срэбры і золаце. Кошт вагаецца ад 10 да некалькіх тысяч літаў. Набываем недарагі сувенір.

 

Ну і, калі у вас засталося яшчэ некалькі літаў, то вы можаце с асалодай скончыць дзень у адной з прытульных кавярняў Друскенік. Нават, калі размаўляеце толькі на рускай мове, афіцыянт не будзе прыкідвацца, што вас не разумее, і даволі хутка прынясе добрую каву і гарачыя пончыкі, шчодра палітыя шакаладам.

 

Па-руску ў Літве, калі, зразумела, не валодаеце літоўскай мовай, можна смела размаўляць са старэйшымі людзьмі. Ну а з моладзю хутчэй паразумеецеся па-ангельску альбо па-нямецку. Ну а за кубачкам добрай кавы можаце памарыць пра тыя дні, калі наша краіна прыступіць да рэалізацыі двухбаковай дамовы аб малым памежным руху з Літвой, і вы на ровары зможаце лёгка пераадолець адлеглась ад Гродна да Друскеннік, каб выпіць кавы.