Выхавальнік з райвыканкама
Яго цікавіла, чым займаюцца слонімскія тынэйджары ў мясцовай школе маладых журналістаў. «Чым займаюцца» і «ці маюць дачыненне» да распаўсюджвання забароненых матэрыялаў – пытанне стала і на пасяджэнні Слонімскага райвыканкама.
Варта працытаваць, што з сябе ўяўляюць «забароненыя матэрыялы»:
«…у лістоўках напісана, што атамная энергетыка не вырашыць праблему энергетычнай бяспекі Беларусі. Для яе будаўніцтва неабходна будзе браць крэдыты ў некалькі мільярдаў даляраў. Выдаткі на будаўніцтва атамнай электрастанцыі перавысяць штогадовыя выдаткі на ахову здароўя насельніцтва Беларусі ў дзесяткі разоў. Адпрацаванае паліва і радыёактыўныя адходы будуць захоўвацца на тэрыторыі Беларусі тысячу гадоў. У Беларусі няма ўласных запасаў урану… Сёння ў Беларусі, пасля Чарнобыльскай АЭС, і так хапае праблемаў. Як лічаць вучоныя, яе вынікі будуць адмоўна ўздзейнічаць на экалогію і чалавека яшчэ 300 гадоў». (ГС).
Паразмаўляўшы з маладымі журналістамі, Максім Маслаў сыйшоў. Не ясна, як далей будзе дзейнічаць слонімскі райвыканкам? Па-першае, ва ўлётках няма ніякай «таямнічай» інфармацыі. Яны – просты напамін нашым бяспамятным грамадзянам пра катастрофу 1985 года. А па-другое, якім чынам улёткі можна звязаць з заняткамі па журналістыцы? Маленькі іспыт для чыноўнічых мазгоў.
Арганізатар школы маладога журналіста Алесь Масюк не ведае, чаго чакаць пасля «высокага» візіту.
Л.Леонт