«Душа грузінскага народа» адкрылася для гарадзенцаў

Грузінскія артысты наведалі наш горад з праграмай «Душа грузінскага народа» у межах туру па Беларусі, які пачаўся 22 сакавіка і працягнецца да 4 красавіка. Арганізатары канцэрту ў Гродне – Гродзенская абласная філармонія і прыватнае канцэртнае агенцтва Грандканцэрт. Прадстаўнік арганізатараў Мікалай Багатыроў распавёў «Твайму стылю», што гледача не павінен дзівіць выключна мужчынскі склад грузінскага калектыву, бо спевамі ў Грузіі займаюцца пераважна менавіта мужчыны:

 

– Тыповая грузінская песня выконваецца на тры мужчынскія галасы а капэла (спеў без музычнага суправаджэння – рэд.), – патлумачыў наш суразмоўца і дадаў, што ў свеце такім чынам спяваюць зараз толькі ў Грузіі і на востраве Корсіка.

 

Грузінская паліфанічная традыцыя характарызуецца асаблівымі вакальнымі прыёмамі. Музыка і песні перадаюццца з пакалення да пакалення непасрэдна праз жывую пеўчую традыцыю.

 

– Мне здалося, што гарадзенцам будзе цікава паслухаць такую музыку,  – растлумачыў Мікалай Багатыроў прычыну, па якой вырашыў запрасіць «Грузінскія галасы» у Гродна.

 

А бас ансамблю спадар Гія Чыракадзэ, «непераўзыдзёны канферансье», як характарызавалі яго калегі, распавёў, што ансамбль, у складзе якога 10 выканаўцаў, існуе ўжо 27 год. Калектыў першы раз прыехаў у Беларусь. Сам жа спадар Чыракадзэ быў у нашай краіне яшчэ ў часы СССР, у 1972 годзе. Ён вельмі цёпла ўспамінае беларускі ансамбль «Песняры» і вельмі высока цэніць творчасць яго тагачаснага кіраўніка Уладзіміра Мулявіна. Спадар Чыракадзэ ў свой час спяваў у ансамблі «Орэра», які прызнаны лепшым музычным калектывам Грузіі XX стагоддзя.

 

– Іншыя ўдзельнікі групы – лаўрэаты дзяржаўных і міжнародных конкурсаў, яны ў дасканаласці валодаюць мастацтвам імправізацыі, – распавядае пра сваіх калегаў Гія. Па словах нашага суразмоўцы, ансамбль «Грузінскія галасы» гастралюе і ў самой Грузіі і за яе межамі, але менавіта да канцэртаў ў Грузіі спевакі ставяцца з найбольшай адказнасцю. – Таму што грузінскі слухач адчувае нашую музыку больш тонка, ды і спяваем мы, у асноўным, на грузінскай мове, спадар «бас» прызнае, што рэакцыя на асобныя творы ў розных краінах практычна аднолькавая. – Нам вельмі падабаецца выступаць у Нямеччыне, немцы – вельмі музычны народ, і ў Нямеччыне дзейнічае шмат прафесійных хораў, якія ёсць ў кожнай мясцовасці, незалежна ад таго, вялікі гэта горад, ці малая вёска.

 

Гарадзенскі канцэрт «Грузінскіх галасоў» быў умоўна падзелены на тры часткі: вясковы фальклор, гарадскі фальклор і песні кампазітараў. Артысты выйшлі на сцэну ў грузінскай нацыянальнай вопратцы, з кінжалам за поясам. Яны спявалі лірычныя любоўныя, танцавальныяі і дарожныя песні, песні працы, грузінскую рэлігійную музыку, песні-тосты ў гонар Бога, Айчыны, доўгага жыцця, любові, а таксама песні, прысвечаныя памяці продкаў.

 

Прыемна было пачуць творы з украпленнем высокага і рэзкага ёдлю (у культуры розных народаў – асаблівая манера спеву з характэрным пераключэннем галасавых рэгістраў, г.зн. з чарадаваннем грудных і фальцэтных гукаў – рэд.), як быццам слухаеш песняроў з Альп. Спадар Чыракадзэ, дарэчы, часам раіў прысутным на канцэрце закрыць вочы і проста слухаць. Так мы і рабілі. А калі адчынялі вочы, то разумелі, што ёдль – гэта не толькі Альпы, але таксама і Каўказ.

 

Відаць было, што артысты рыхтуюцца да гастроляў вельмі старанна. У рэпертуары групы ёсць песні на ўкраінскай і рускай мове. Каля мяне сядзела маладая дзяўчына з вельмі інтэнсіўным макіяжам. Калі магутныя аксамітныя галасы падхапілі запеў песні «Эх дарогі, пыл ды туман…» на рускай мове, мая суседка пачала выціраць слёзы. І не толькі яна. А вось беларускую «Купалінку» «Грузінскія галасы», можна сказаць,спявалі разам з усім залам. Напрыканцы канцэрта артысты выканалі песню-тост з пажаданнямі доўгіх гадоў жыцця.

 

– Прыезд гэтага калектыву ў Гродна стаў сапраўдным святам для аматараў грузінскай паліфанічнай музыкі, – так ацаніла канцэрт адна з прысутных на ім гарадзенак Таццяна Рабцава і нават прааналізавала механізм уздзеяння пачутага на чалавека, – духоўная музыка звяртаецца да душы і кранае самую дэлікатную яе струну, а гэта найкарацейшы шлях да збліжэння розных народаў. Паўтаральныя распевы і рытмы ў духоўнай музыцы ствараюць прыцягненне, адводзяць слухача прэч ад нязначных турбот і грузу праблем. Духоўная музыка – гэта арнамент, які аб’ядноўвае цела і душу, – падзялілася сваімі думкамі Таццяна.

Ілюстрацыя liveinternet.ru