Людзі ў клетцы: 1 красавіка ў гродзенскім звярынцы
У гэты дзень жартавала сама прырода. Марозны вецер працінаў наскрозь. Але ці можа гэта быць перашкодай для дзяцей, якія ідуць у звярынец пачаставаць звяроў, пабавіцца і атрымаць падарункі?
У парку сапраўды было шматлюдна. Недзе ў цэнтры абноўленага звярынца гучала музыка. Наведвальнікі павольна блукалі па вуліцах звярынага лабірынта. Не зважаючы на шматлікія папярэджанні “НЕ КАРМІЦЬ”, шаргацелі пакетамі, распакоўвалі белыя духмяныя батоны. Больш адказныя дарослыя прыносілі моркву і капусту. Звяры елі з асалодай, дзеці кармілі з задавальненнем.
І вось музыка загучала больш урачыста – свята пачалося. Каляровыя героі-вядучыя згуртавалі вакол сябе цікаўных дзяцей. Конкурс дзіцячых жартаў весяліў не толькі дзяцей, але і дарослых. Так, у адной з гісторый Чупакабра напачатку быў “ён”, а на заканчэнні стаўся “ёй”. Гэта маглі заўважыць толькі дарослыя. Дзеці з задавальненнем дзяліліся сваёй шчырай непасрэднасцю.
Адно з падрыхтаваных спаборніцтваў заінтрыгавала і мяне – адшукаць “забаўныя недарэчнасці”. Абыходжу клеткі і вальеры ізноў. Уважліва чытаю шыльдачкі – здаецца, ўсе на сваіх месцах. Малпы у малпоўніку туляцца ля батарэй. Хатні асёл выпрошвае ласункі ў наведвальнікаў – выцягвае шыю праз жэрдкі, паказвае ружовы язычок і жоўтыя зубы. Драпежны барыбал, пагрозліва і ганарліва пазіраючы з шыльдачкі, абыякава спаў. “Мне не да жартаў,” – красамоўна казала яго поза. Нарэшце! Канатны валакністы змей з раскудлачанай грывай замілавана паглядае на мяне з-за шыбы тэрарыюма. Можа гэта дагэтуль невядомы від нашчадак цмока?
Квяцістая чарапаха – krasotkus neopisuemus – квіце раз на год.
Індыйскі палачнік, сямейства прывідавых, не парушаў спакою наведвальнікаў сваім з’яўленнем.
У гэты час ва ўсю загуў бабулін падворак. Побач з вольна гуляючымі ў загародках козамі, пеўнямі ды качкамі пасяліўся “чалавек разумны”. Вось такую забаву падрыхтавала клапатлівая бабуля. Клетка для чалавека карысталася вялікім поспехам. Не толькі дзеці, але і дарослыя не хавалі свайго захаплення. Паветра сутыргалася ад гукаў, якія імітавалі гаворку жывёл. Фотакамеры лавілі “звярыны аскал” і шчырыя ўсмешкі. Бацькі інсцэніравалі сцэнкі кармлення сваіх дзяцей праз драты клеткі. Напэўна, гэта свята ў звярынцы будуць прыгадваць не толькі дзеці, але і дарослыя. Бо не кожны дзень даводзіцца пасядзець у клетцы дзеля забавы.