Вяртанне беларускай шляхты беларусам – новая кніга серыі “Гарадзенская бібліятэка”
Дзеянне кнігі адбываецца ў 1733-34 гадах на тэрыторыі Беларусі, у асноўным на Панямонні.
Аркадзь Ліцьвін (Жукоўскі):
-Галс – гэта псеўданім аднаго з герояў рамана.
У аснове ляжаць сапраўдныя факты. Каралём тады быў абраны Ляшчынскі, адны былі за яго, другія – супраць, умяшалася, як заўсёды, Расія, і сюды з’явіліся царскія войскі. Вакол гэтага і разгортваецца інтрыга.
Галоўны герой становіцца на чале канфедэрацкага атрада.
Ідэя, якую я праводжу ў гэтым і ў іншых сачыненнях – вяртанне беларускай шляхты беларусам. Вельмі стараліся нас пераканаць, што шляхта не мае дачынення да беларусаў, што гэта сялянская нацыя. Гэта было выгодна і Расіі, і палякам, і, самае цікавае, літоўцам.
Ёсць у кнізе гістарычныя дзеючыя асобы (адзін з расійскіх генералаў, князь Радзівіл), ёсць – літаратурныя персанажы.
Кніга была напісаная яшчэ ў 2003-2005 гады, калі, пасля выхаду на пенсію, у Аркадзя Жукоўскага з’явілася больш вольнага часу, хаця рыхтаваўся да гэтага пісьменнік-аматар усё жыццё. Яшчэ са студэнцкіх гадоў шмат думаў, разважаў, чытаў, рабіў неабходныя выпіскі.
Павел Мажэйка, каардынатар выдавецкай серыі “Гарадзенская бібліятэка”:
–Аркадзь Ліцьвін (Жукоўскі) адраджае беларускую шляхетнасць, вяртае імёны, прозвішчы, падзеі. Ён піша раманы, аповесці, прыгодніцкія гісторыі ў тым ліку аб Гарадзенскай гісторыі.
Мы думалі аб тым, каб заснаваць падсерыю для невядомых шырокаму колу аўтараў, якія па паходжанні альбо тэматычна былі б звязаныя з Гародняй.
“ГАЛС. Аповесць з 1734 году” – ужо другая кніга падсерыі, выйшла з друку ўчора. Першай мы выдалі кнігу гарадзенскага пісьменніка і праваабаронцы Віктара Сазонава «Сандалі мітрапалітыка або маленькія гісторыі з вялікай палітыкі».