Эка-актывісты заўважылі махлярства на сайце гарвыканкаму
28 сакавіка на сайце гарвыканкама была размешчана інфармацыя пра публічныя абмеркаванні па справе выдалення дрэваў, якія мелі адбыцца два дні пазней.
Пятніца 30-га для грамадства аказалася складанай: адныя слуханні скончыліся за 10 хвілін, на другія звезлі “зацікаўленых” студэнтаў, а наогул у той дзень дыскусіі вяліся ажно на чатырох аб’ектах.
Але на гэтым мясцовыя ўлады не скончылі правяраць грамадства на вытрымку. Інфармацыя датаваная 28 сакавіка была адрэдагавана 2 красавіка і ў ёй з’явіўся яшчэ адзін пункт – вырубка 67 дрэваў на вуліцы Перамогі.
“Ня ведаю, ці паспеў нехта трапіць на вырашэнне гэтай справы, я даведлася пра з’яўленне новага пункта толькі 3-га ўвечары. Гэта ўжо проста здзек. Пасля такога выпадку больш няма сумневаў, што слуханні адбываюцца фармальна, а меркаванне гарадзенцаў нікога не турбуе, – каментуе “Твайму Стылю” удзельніца папярэдніх сходаў. – Мясцовая ўлада не саромеецца парушаць заканадаўства, балюча думаць у чые рукі трапіў горад”.