Другі аукцыён па продажы гродзенскага бровара скончыўся нічым
Гэта была ўжо другая спроба прадаць адразу ўсю маёмасць піўзавода. Першы аукцыён, прызначаны на 14 сакавіка, не адбыўся па той самай прычыне. Першапачатковы кошт прадпрыемства – 11,3 мільярды рублёў. Учора за яго прасілі ўжо на 20% менш.
Як паведамілі “Твайму стылю” ў адміністрацыі УДП “Гродзенскі піўзавод”, чарговая спроба знайсці новага ўладальніка маёмасці хутчэй за ўсё будзе зроблена 26 красавіка. Гэтым разам першапачатковы кошт знізіцца на 50% і складзе прыкладна 5,66 мільярды беларускіх рублёў. Інвестары нібыта цікавяцца магчымасцю набыцця маёмасці ў цэнтры Гродна, але насцярожвае іх тое, што ў комплексе выстаўленых на аукцыён будынкаў некаторыя маюць гісторыка-культурную каштоўнасць.
Паводле закона РБ “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны”, іх новы ўладальнік павінны будзе цягам месяца заключыць новыя ахоўныя абавязацельствы і несці адказнасць за захаванне знешняга выгляду гістарычных будынкаў у нязменным выглядзе. Гэта звязвае рукі інвестарам, тым больш, што будынкі цягам апошніх 5 гадоў не выкарытоўваюцца і выглядаюць не лепшым чынам.
Да таго ж тэрыторыя піўвавода знаходзіцца ў турыстычнай зоне, таму разгарнуць тут вытворчасць інвестарам не дазволяць. СЭЗ “Гроднаінвест” мае некалькі варыянтаў развіцця гэтых тэрыторый і могуць прапанаваць іх інвестарам. Калі наступны аукцыён па продажы маёмасці піўзавода скончыцца зноў нічым, першапачатковы кошт бровара будзе зніжаны на 70%. Калі і гэта не дапаможа знайсці пакупніка, маёмасць бровара будзе прапанавана крэдыторам, а ў выпадку іх адмовы пяройдзе ў камунальную маёмасць.
Гродзенскі піўзавод быў пабудаваны ў 1877 годзе купцом Кунцам для вырабу піва па аўстрыйска-германскай тэхналогіі. У апошнія гады лёс стратнага прадпрыемства асабліва клапоціць гродзенскія ўлады. У 2008 годзе крэдытарская запазычанасць прадпрыемства складала 2,5 мільёны даляраў ЗША, абсталяванне фізічна і маральна састарэла.
Тады ж для стварэння устойлівага механізма атрымання заводам стабільнага прыбытку ўзнікла ідэя стварыць на тэрыторыі завода ў гістарычным цэнтры Гродна гатэльна-забаўляльны комплекс і музей піва.
Інвестпраект прадугледжваў будаўніцтва трохзоркавага гатэля на 50-60 месяцаў, стварэнне моладзевага забаўляльнага цэнтра.
У межах працы музея піва планавалася вырабляць 300-350 тыс.дал “жывога” піва ў год. На рэалізацыю праекта патрабаваліся інвестыцыі ў памеры 11,1 мільёны даляраў ЗША. Праект так і застаўся праектам.
Здымак з сайта http://grodno-region.gov.by