Беларусы хочуць ад Літвы 5-гадовыя шэнгенскія візы
Аўтары звароту прапанавалі ўнесці папраўкі ў заканадаўства Літоўскай Рэспублікі, каб консульскія ўстановы маглі выдаваць кароткатэрміновыя шматразовыя шэнгенскія візы тэрмінам не да аднаго года, як цяпер, а да пяці гадоў.
На думку грамадскіх актывістаў, гэта вельмі дапаможа беларусам, якія па сямейных, дзелавых, грамадскіх або іншых абставінах маюць патрэбу ў частым наведванні Літвы.
Акрамя гэтага падпісанты просяць літоўскае МЗС “актыўна прасоўваць набыццё сілы Дамовай аб малым памежным руху паміж Літвой і Беларуссю”.
Ліст падпісалі арганізацыі, што ўваходзяць у кааліцыю “У Беларусь і Еўропу – БЕЗ ВІЗЫ!”, мэтай якой з’яўляецца спрашчэнне, а ў будучыні – паступовая адмена візавага рэжыму паміж Беларуссю і ЕС.
У адказе віцэ-міністр Літвы Аста Скайсгірыце-Ляўшкене запэўнівае аўтараў звароту ў тым, што “Літоўская Рэспубліка зацікаўленая ў фармаванні грамадзянскай супольнасці і ўсталяванні дэмакратычных нормаў і прынцыпаў у Беларусі, таму стала шукае сродкі і спосабы, як палегчыць зносіны паміж грамадзянамі абедзвюх краін”.
Аднак “…пытанні выдачы шэнгенскай візы не з’яўляюцца прадметам рэгулявання літоўскага нацыянальнага права.
Шэнгенскія візы выдаюцца, кіруючыся наўпрост прымяняльным Рэгламентам Еўрапейскага парламенту і Рады (ЕВ) №810/2009, якім усталёўваецца Візавы кодэкс”.
Разам з тым, інфармуе спадарыня Скайсгірыце-Ляўшкене, 1 сакавіка Літва “перадала Беларусі ноту, у якой праінфармавала, што скончаныя ўсе ўнутраныя працэдуры, неабходныя для набыцця сілы міжурадавай Дамовай аб малым памежным руху.
Дамова набудзе сілу цягам 30 дзён пасля таго, як Беларусь паведаміць, што яна таксама скончыла ўсе ўнутраныя працэдуры, неабходныя для гэтага”.
Прапускі малога памежнага руху будуць выдавацца на тэрмін ад 1 да 5 гадоў за плату ў 20 еўра пастаянным жыхарам памежных тэрыторый, якія дакажуць абгрунтаваныя эканамічныя, гандлёвыя, культурніцкія або інакшыя важныя прычыны для наведвання памежнай тэрыторыі іншай дзяржавы.
Амбасадай Літоўскай Рэспублікі ў Мінску ў 2010 годзе выдадзена 82 тысячы шэнгенскіх візаў, у 2011 годзе – 115 тысяч. З іх каля 30% – шматразовых і 24% – бясплатных.
Генеральным консульствам у Гродне ў 2010 годзе было выдадзена 24,5 тысячы шэнгескіх візаў, у 2011 годзе – 29,5 тысячы, з іх 40% – шматразовых і 38% – бясплатных.
Здымак з сайта http://www.voran.by