Кляштар базыльянаў у Барунах хочуць выставіць на продаж
Барунскі касцёл святых апосталаў Пятра і Паўла і кляштар базыльянаў – помнікі архітэктуры позняга барока XVIII стагоддзя.
Дарэчы, у кляштары цягам XVIII-XIX стст. дзейнічала адна з найлепшых школ у Літве.
Гэтыя аб’екты ўключаныя ў экскурсійныя праграмы, якія праходзяць праз Ашмяны, Гальшаны і Крэва, – маршрут, які называюць «Легенды Вялікага княства Літоўскага».
І калі будынак касцёла выглядае дагледжаным і прывабным, то на кляштар без суму і не глянеш.
Будынак разбураецца з часам, «дапамагаюць» і мясцовыя жыхары, якія патрохі цягаюць усё, што можна выкарыстаць у якасці будматэрыялаў. Паколькі грошай у мясцовага бюджэта на ахову будынка, а таксама ягоны рамонт няма, яго вырашылі выставіць на продаж.
Гаспадара кляштара адразу вызначыць не атрымалася.
У аддзеле культуры спачатку сказалі, што ён не належыць нікому, але пасля ўдакладнілі, што будынак усё ж знаходзіцца на балансе мясцовага сельскага Савета.
«Зараз мы рыхтуем неабходныя дакументы, каб можна было выставіць кляштар на продаж», – кажа начальнік аддзела культуры Ашмянскага райвыканкама Галіна Балінская.
З коштам кляштара мясцовыя ўлады пакуль не вызначыліся, хоць, па словах спадарыні Балінскай, шмат грошай ад яго атрымаць не хочуць. «Калі нам дазволіць закон, мы прададзім яго за адну базавую велічыню (100 тыс. руб. – Заўвага TIO.by).
Галоўнае, каб знайшоўся чалавек, які спыніць разбурэнне кляштара і возьмецца за ягонае аднаўленне, пакуль там канчаткова ўсё не страчана», – кажа суразмоўца.
Пакуль кляштарам зацікавіўся толькі адзін чалавек – мясцовы фермер Іван Кунюта.
Ён жыве ў суседняй вёсцы Біюцішкі і разам з жонкай мае вялікую гаспадарку.
Апроч сельскагаспадарчых прац, Іван Іванавіч займаецца развядзеннем дзікоў, арганізуе паляванні і мае аграсядзібу «Садок».
Чым яго прывабіў кляштар базыльянаў і якія планы ён мае на гістарычны аб’ект?
«Мая першая задача – выратаваць будынак ад разбурэння.
Я сам каталік і кожны раз, як прыязджаю ў касцёл, бачу, у якім занядбанні кляштар, – кажа ён.
– Вядома, каб мая фермерская гаспадарка мела мільёны долараў, можна было б там і гатэль зрабіць з музеем, каб людзі маглі паболей даведацца пра гісторыю нашых мясцін, але вялікіх сродкаў у мяне няма. Таму перш-наперш трэба спыніць разбурэнне кляштара. Зараз там забітыя вокны і дзверы, але ўсё адно людзі цягаюць балкі са столі.
Далей трэба брацца за рамонт. Колькі ў мяне будзе вольных грошай, столькі буду ўкладаць у аднаўленне помніка.
Можа быць, пасля знойдзецца і больш забяспечаны чалавек, які зацікавіцца кляштарам, але пакуль важна, каб у будынка з’явіўся гаспадар, які не дасць, каб помнік разбуралі, рабавалі і г.д.».
Па словах Івана Кунюты, іх рэгіён досыць прывабны для турыстаў.
«Нашыя мясціны багатыя на гістарычныя падзеі і помнікі – Гальшаны, Крэва, Ашмяны… Нават калі ўзяць маю вёску – Біюцішкі – тут таксама ёсць, што паказаць людзям: у свой час у нас жыў палітычны дзеяч і рэфарматар Андрэй Волан, ён быў сакратаром у трох польскіх каралёў. Проста трэба развіваць гэты накірунак», – кажа суразмоўца.
Іван Кунюта паведаміў таксама, што ў 90-я гады італьянцы-базыльяне мелі намер набыць кляштар у Барунах, але тады ім адмовілі. Цяпер, па словах фермера, у каталіцкай царквы няма столькі сродкаў, каб аднавіць гістарычны помнік. Дарэчы, у Барунскай парафіі аб продажы кляштара пакуль нічога не чулі.
«Аднаўляць кляштар я буду за ўласныя сродкі, з бюджэту, наколькі мне вядома, нічога выдзяляць не плануюць.
Будуць ісці ў гару справы, будзе добра прадавацца прадукцыя і карыстацца попытам аграсядзіба, значыць, будуць грошы, каб укласці іх у аднаўленне гістарычнага помніка. Задумак у мяне шмат», – падсумоўвае Іван Кунюта.
Дарэчы, апроч аднаўлення кляштара базыльянаў, спадар Кунюта адраджае сядзібу пісьменніка і філамата Антонія Эдварда Адынца, які вучыўся ў павятовай базыльянскай школе ў Барунах.
Здымак: http://www.radzima.org