Наперад – у мінулае!

|

Івану Круку нехта ўначы заліў клеем замкі ва ўваходных дзвярах, ды так, што родны сын не змог трапіць у хату. Міколу Ўласевіча без наяўных падставаў выклікалі ў міжраённую падаткавую міліцыю ў Смаргоні. Менавіта Мікола Ўласевіч і Іван Крук выпусцілі газету «Астравецкі веснік», у якой выклалі сваю пазіцыю супраць будаўніцтва АЭС.

А вось, што сказаў у інтэрв’ю прэс-цэнтру Хартыі’97 намеснік старшыні Партыі БНФ Віктар Вашкевіч: «Мы павінны… адкрыта заявіць, што галоўныя праблемы і прычыны наступстваў аварыі на ЧАЭС, – гэта безадказныя адносіны ўлад да праблем заражэння радыяцыяй тэрыторыі Беларусі… Утойваецца рэальнае становішча. Але думкі простых людзей ўлады не ўлічваюць, трымаюць нас за падвопытных трусоў».

Дазволю сабе маленькую заўвагу на конт таго, што атрымліваецца ў краіне вакол сітуацыі з «адраджэннем» старой і будаўніцтвам новай АЭС. Тым больш, што кожны свядомы чалавек разумее патрэбу сучаснага грамадства ў энэргетычных рэсурсах – ну ніяк мы не адмовімся ад святла, цяпла і іншай цывілізацыі…

Дык вось, тыя людзі, хто не баіцца адкрыта выступаць супраць Астравецкай пляцоўкі (я іх падтрымліваю амаль што ўсё сваёй істотай) памыляюцца ў адным. У тым, что выступаюць… супраць. Трэба выступаць «за» будаўніцтва, але ў іншым месцы. І месца гэтае – Чарнобыльская зона.

Абгрунтую.

Сёння прэзідэнт пад час візіту ў Чарнобыль сказаў: «Адраджаць гэты край мы будзем, чаго бы гэта нам ні каштавала… Мы дамо столькі сродкаў, сколькі трэба. З гэтага году мы пачынаем адраджаць гэтыя землі хутка і эфектыўна… Ёсць дастаткова сродкаў, каб стварыць неабходныя ўмовы для жыцця людзей…Мы будзем аднаўляць краіну ў гэтай яе частцы, а не енчыць і плакаць».

Брава, спадар прэзідэнт! Падзяка вам за падказку! Не трэба енчыць, трэба тут жа, у Чарнобылі, і будаваць новую АЭС. Будуць і сродкі (з Расіі), прычым хутка і эфектыўна. Будзе народ удзячны за танную айчынную энэргію, і самы апазіцыйны апазіцыянер страціць апошні аргумент супраць прэзідэнцкай несвядомасці. А астравецкія краявіды з фарэллю застануцца на радасць будучым турыстам-капіталістам.

І сапраўды, раз так здарылася, што частка тэрыторыі нашай краіны пацярпела ад катастрофы, не сеяць жа там жыта з кукурузай. Логіка жыцця падказвае, што лепшага месца для «мірнага атаму» не знайсці. І калі прэзідэнт гатовы тут «стварыць неабходныя ўмовы для жыцця людзей», няхай і стварае гэтыя ўмовы для будучых працаўнікоў АЭС. Такім чынам, «кіруючыся запаветамі» першай дзяржаўнай асобы, можна паспрабаваць перанакіраваць ягоны ж настрой з поўначы на поўдзень Беларусі. У частцы будаўніцтва АЭС, зразумела.

А.Раўбецкая

Фота ura-inform.com