Ці будуць людзі на балоце?
Лірычнай часткай сустрэчы было выступленне гродзенскага гурта «Людзі на балоце» – як бачна, назва калектыву ўдала дастасавалася да тэмы дыскусіі. Арганізатрамі паказа выступілі ГА «Цэнтр «Трэці сэктар» і маладая крэатыўная група «Без балот.Нет».
Фільм «Балота будуць жыць» быў створаны ў рамках праекта ПРООН і Глабальнага экалагічнага фонда «Аднаўленне і ўстойлівае кіраванне тарфянымі балотамі Беларусі». Гэта праграма займалася аднаўленнем 17 парушаных балот і выпрацаваных тарфянікаў ва ўсіх абласцях Беларусі, выключаючы толькі Магілёўскую. Аднак праект скончыўся і, каб працягнуць яго, быў патрэбны час, якога, як аказалася, у нашых балот не было. У мінулым годзе Савет Міністраў Беларусі хутка прыняў пастанову №794, якая вызначала перспектыўныя радовішчы для здабычы торфу.
Усяго гэта восем, уваходзячых у заказнікі, балот, два з якіх знаходзяцца ў гродзенскім рэгіене: балота «Святое» у заказніку «Азёры» і «Дакудаўскае», што ў Лідскім раёне. Пры тым, што другое балота ўжо было адноўлена па праграме ПРООН! Атрымліваеца нейкая нелагічная сітуацыя. Каб аднавіць балота, трэба вялікія грошы і напружаная, карпатлівая праца спецыялістаў, рабочых і валанцёраў. Каб вярнуць страчаную біясферу, патрабуюцца нават не гады – дзесяцігоддзі. А эканамічны эфект ад здабывання торфу сумніўны. Новыя працоўныя месцы? Усяго тысяча абяцаецца.
Выработка балот пад прыроднае паліва – гэта кароткатэрміновая справа на 10-15 гадоў, потым гэтыя землі становяцца няплоднымі. Мала таго, усе мы памятаем пажары, якія пачынаюцца якраз на такіх былых балотах. За мінулы год з дзяржаўнага бюджэта было выдадзена 1,5 міліярда даляраў для ліквідацыі самазагарання тарфяных пакладаў. З кожным годам на змену людзям на торфаперапрацовачных заводах прыходзіць тэхніка і натуральным чынам ідзе скарачэнне працоўных месцаў, у сувязі с чым цяжка казаць, ці будзе ўвогуле тая тысяча новых працоўных месцаў. У нас абяцаюць шмат чаго, а на выхадзе звычайна маем зусім не той вынік. Затое балоты не вярнуць. Ва ўсякім разе, адразу.
Па пастанове Савета Міністраў Беларусі, у заказніку «Дакудаўскае» плануецца пад тарфяныя распрацоўкі аддаць 500 га тэрыторыі, уся яго плошча – 1985 га. З 1958 года там ішло высушэнне, у выніку якога былое балота гарэла па два разы на год. За кошт ГЭФа і нямецкага міністэрства прыродных рэсурсаў гэтыя землі забалоцілі, торфа, які там можна здабыць, хопіць максімум на сем гадоў працы лідскага торфаперапрацовачнага прадпрыемства «Дзітва». А што потым? Ці не лепш ужо зараз распрацоўваць праграмы на альтэрнатыўнае выкарыстанне нашых балот, якія па праву называюць лёгкімі планеты?
Напрыклад, вырошчваць журавіны і арганізоўваць іх збор мясцовымі жыхарамі. Скажам, на Палессі, дзе сваё балота людзі адстаялі, за тыдзень збору гэтай ягады сям’я можа зарабіць каля 10 млн. беларускіх рублеў. Згадзіцеся, вельмі прывабная сума. Таксама можна наладзіць вытворчасць драўляных паліўных гранул – пелет з чарота, якога вельмі шмат вакол балот. Яшчэ адна альтэрнатыва – зрабіць турыстычныя маршруты. Такое беларускае сафары. І гэта будзе ўнікальным праектам, бо ў Еўропе балот амаль няма.
А вось, напрыклад, у заказніку «Азёры» жыве 136 відаў птушак, з якіх 132 – гняздуючыя, што складае амаль палову ад усёй колькасці гняздуючых на тэрыторыі Беларусі птушак. Папутна спытаюся: куды будзе падарожнічаць вядомы гродзенскі аматар фотапалявання на птушак Георгій Гулеўскі, аўтар вельмі цікавых здымкаў, калі ўвесь гэты птушыны рай знікне?
Актывісты групы «Без балот.Нет» ездзяць па нашай краіне, спрабуючы данесці да людзей вельмі важную інфармацыю наконт дастаткова жахлівай сітуацыі, якая скадаецца вакол балот. У паўсядзенным жыцці мы часцяком і не заўважем, а часам і не ведаем, што адбываецца з тым асяроддзем, якое атачае нас. І неяк не ўсведамляем, што і мы (у першаю чаргу мы!) адказныя за тое, што з мапы нашай краіны могуць знікнуць балоты і лясы. З нашым меркаваннем чыноўнікі, якія прымаюць тыя ці іншыя рашэнні, павінны лічыцца.
Па законе, торф дабываць можна, але трэба балотныя землі выводзіць з катэгорыі заказнікаў. Калі ж грамадскасць супраць, то зрабіць гэта дастаткова цяжка. Вось на гэтым этапе мы можам і паспрыяць на сітуацыю. Вы можаце стаць валанцёрам, маніторыць сітуацыю, распавядаць мясцовым жыхарам пра тое, што экалагічная сітуацыя ў нашым рэгёне значна пагоршыцца. Натуральныя балоты падтрымліваюць водны баланс рэспублікі, асушэнне іх, каб забяспечыць цэментныя заводы торфам, можа прывесці да экалагічнай катастрофы, таму што ў рэшце рэшт асушаныя балоты становяцца абсалютна непрыдатнымі для любой сельскагаспадарчай дзейнасці.
Шчыра кажучы, мы вяртаемся ў савецкія часы, калі яшчэ не ведалі, што дабыванне торфа з новых радовішч не рэнтабельна, а субсідуецца з дзяржаўнага бюджэта. За апошнія 20 год здабыча торфа скарацілася з 40 млн. тон у год да 2,5 млн. Аднак, абапіраючыся на так званае мясцовае імпартазамяшчэнне, урад прымае дзіўныя рашэнні па аднаўленню тарфяной прамысловасці, калі ўвесь свет шукае іншыя шляхі вырашэння энергетычных праблем згодна з захаваннем экалагічнай бяспекі. Сустрэча па гэтай праблеме прынясла ўжо, хаця і невялікія, але вынікі: шмат хто з прысутных выказаў жадане стаць валанцёрам па маніторынгу сітуацыі і браць актыўны ўдзел у абароне нашых такіх значных балот.
Фота Н.Крапівінай