Скончыліся раскопкі на Вялікай Траецкай

|

Знаходкі даюць археолагам падставы меркаваць, што яшчэ ў ХІ ст. на гэтым месце знаходзіўся гарадскі пасад – на гэты факт ўказваюць фрагменты тагачаснага посуду. Каментуе загадчык кафедры археалогіі і этнаграфіі ГрДУ Сяргей Піваварчык:

 

– Падчас раскопак у нас атрымалася зафіксаваць тры будаўнічых ярусы, самы ранні з якіх адносіцца да ХІІ-ХІІІ ст., самы позні датуецца XVI ст. Разам з тым былі знойдзеныя тры развалы печаў, адна з якіх з’яўляецца вельмі для нас цікавай, бо была складзеная з гаршчковай кафлі – самай ранняй на беларускіх землях, якая выкарыстоўвалася ў XІV- XVI ст. З яе атрымалася сабраць нават цэлыя формы.

 

Большасць знаходак прадстаўляе керамічны посуд розных часоў ды кафлю. Знаходкі яшчэ не апрацоўваліся і грунтоўна не аналізаваліся, таму дакладнейшыя звесткі нас чакаюць пасля.

 

Бліжэйшым часам мы плануем пачаць раскопкі ў двары Гуманітарнага каледжу, дзе будзе стварацца музей. Калі там будуць выяўленыя нейкія падмуркі ці драўляныя пабудовы дырэкцыяй разглядаецца нават варыянт аб іх кансервацыі і выкарыстоўванні ў якасці «міні-скансэну». Плануецца таксама працяг даследванняў Каложскай царквы, але час іх правядзення залежыць ад тэрмінаў пераносу ўнутранага інтэр’еру ў новы царкоўна-прыхадскі комплекс.