У Гродне адчыніцца бюро еўрарэгіёна “Нёман”

|

Менавіта на базе купалаўскага ўніверсітэту і будзе працаваць Каардынацыйнае бюро беларускай часткі еўрарэгіёна “Нёман”.

 

Прэзентацыя прымеркаваная да пачатку праекта “Спрыянне транспамежнаму супрацоўніцтву грамадскіх арганізацый і ініцыятываў, бізнеса, органаў мясцовай улады ў еўрарэгіёне “Нёман”, які фінансуе фонд “Еўразія”.

 

Удзел у сустрэчы возьмуць прадстаўнікі бюро еўрарэгіёна з польскага і літоўскага бакоў, прадстаўнікі дзяржаўных структур і блізкіх да іх грамадскіх арганізацый.

 

Нягледзячы на тое, што еўрарэгіён “Нёман” існуе з 1997 г. (у яго склад уваходзяць Гарадзеншчына, Падляскае ваяводства Польшчы, тры прыгранічныя паветы Літвы і пяць раёнаў Калінінградскай вобл. Расіі), эфекты ад яго дзейнасці ў рэгіёне слаба бачныя. Да іх можна аднесці хіба што выставу “Еўрарэгіён “Нёман”, якая адбываецца раз на год і мае да еўрарэгіёна толькі сімбалічнае дачыненне,  а таксама некалькі трансгранічных праектаў кшталту “Невядомай Еўропы”.

 

У той жа час, у літоўскай і польскай частках еўрарэгіёну штогод рэалізоўваліся праекты ў галіне эканомікі, культуры, турызма на сотні тысяч еўра.

 

Адной з прычынаў таго, што Гарадзеншчына губляла сур’ёзныя магчымасці для прыцягнення інвестыцый па лініі еўрарэгіёна, з’яўлялася адсутнасць структуры, якая магла б каардынаваць гэтую працу.

 

Некалькі чалавек з аддзелу эканомікі аблвыканкаму, на якіх раней былі ўскладзеныя абавязкі па каардынаванні гэтай дзейнасці, спраўляліся з гэтай задачай не лепшым чынам.

 

У прыватнасці, з іх боку не было бачна імкнення выкарыстоўваць патэнцыял грамадскасці для распрацоўкі і рэалізацыі транспамежных праектаў.

 

Так, яшчэ ў 2002 г. грамадскім аб’яднаннем “Цэнтр “Трэці сектар” быў арганізаваны Форум еўрарэгіёна “Нёман” у Гродне. Удзел у яго працы бралі прадстаўнікі 40 арганізацый з розных частак еўрарэгіёна.

 

Удзельнікі Форума ўжо тады выказвалі сваю гатоўнасць да рэалізацыі сумесных праграм і праектаў з удзелам грамадскіх арганізацый і мясцовых улад з розных частак еўрарэгіёну, накіраваных на вырашэнне вострых лакальных і транспамежных праблем, абмену інфармацыяй і досведам працы, удзелу ў арганізацыі і правядзенні мерапрыемстваў, накіраваных на развіццё супрацоўніцтва ў межах еўрарэгіёну “Нёман”, да адкрытага і канструктыўнага дыялога па любых пытаннях, якія тычацца ўнёску грамадскіх арганізацый у развіццё міжнароднага супрацоўніцтва.

 

У прыватнасці, у рэзалюцыі Форума гучала прапанова аб стварэнні Фонда развіцця еўрарэгіёну “Нёман”, адным з кірункаў дзейнасці якога павінна было стаць фінансаванне праграм і праектаў грамадскіх арганізацый з розных частак еўрарэгіёна “Нёман”, накіраваных на вырашэнне лакальных і транспамежных праблем.

 

Прапановы гэтыя, аднак, так і не былі пачутыя.