Гродзенскі драмтэатр атрымаў прэмію міжнароднага фестывалю ў С.-Пецярбурзе
Ён уганараваны адзінай узнагародай XIV Міжнароднага фестываля рускіх тэатраў краін СНД і Балтыі “Сустрэчы ў Расіі” – прэміяй імя народнага артыста СССР Кірыла Лаўрова.
Паводле палажэння аб прэміі, паведамляе інфармацыйны партал Фонд Русский мир , лаўрэаты могуць выдаткаваць яе грашовую частку на пастаноўку новага спектакля, набыццё неабходнага абсталявання альбо развіццё тэатра.
Такім чынам зрабілі лаўрэаты мінулых гадоў – тэатры з Літвы, Арменіі, Таджыкістана, Украіны і Эстоніі.
На фестывалі “Сустрэчы ў Расіі” гледачам традыцыйна прадстаўляюцца лепшыя спектаклі замежных рускамоўных тэатраў, якія карыстаюцца папулярнасцю гледачоў на радзіме.
У праграме сёлетнега фестывалю, які завяршыўся ў Санкт-Пецярбурзе ў мінулую нядзелю, былі прадстаўлены спектаклі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра рускай драмы імя Лесі Украінкі (Кіеў), сумесны праект Тэатра-фестываля “Балтыйскі дом” і Тэатральнай кампаніі “Оккупацыёні Фарцэскэ” (Фларэнцыя), Дзяржаўнага Даўгавпілскага тэатра (Латвія), “Таварыства актораў” (Ашдод, Ізраіль), Дзяржаўнага нацыянальнага тэатра рускай драмы імя Ч.Айтматава (Бішкек), тэатра “Кантэкст” (Ізраіль), Рускага драматычнага тэатра Літвы, Рыжскага рускага тэатра імя М.Чэхава (Латвія), Рускага драматычнага тэатра імя М.Горкага (Астана, Казахстан), Рускага тэатра лялек (Талін, Эстонія), Тэатра Zero (Ізраіль).
Гродзенскі тэатр удзельнічаў у “Сустрэчах у Расіі” трэці раз. На наступны фестываль арганізатары плануюць запрасіць Магілёўскі абласны драматычны тэатр.
На здымку: гродзенскія акторы, занятыя ў спектаклі-пераможцы
Здымак з сайта http://drama.grodno.by