Адраджэнне батанічнага сада ў Гродне: новыя дрэвы ў парку Жылібера пасадзяць 18 красавіка

|

Для аднаўлення калекцыі знакамітага некалі батанічнага сада, у парку Жылібера з боку вуліцы Ажэшкі  заўтра пасадзяць саджанцы каштана ядомага, араліі манчжурскай і дэйцыі шурпатай (гародчатай).

 

Наталля Канюк:

–  Дэйцыю, якая расла ў батанічным садзе з 18 стагоддзя, выкапалі  і выкінулі ў 2009 годзе, калі  ўсталёўвалі атракцыёны. На шчасце, куст падабрала і пасадзіла каля ўласнага дома жыхарка вуліцы 1 Мая, а цяпер перадае парастак нам.

Яўген Вінчэўскі  ахвяруе 5 парасткаў ядомага каштана, Галіна Буцько – азалію манчжурскую (вельмі рэдкая лекавая расліна, дрэва дасягае 15 ў вышыню).

 

Першыя расліны на месцы былога батанічнага сада былі пасаджаны 28 кастрычніка мінулага году:

3 манчжурскіх арэхі, 2 лаўравішні, 5 дрэваў  крывава-чырвонага баярышніка, 3 іргі, 3 ядлоўцы, апісаная Жыліберам чаромха.

Усе яны добра перазімавалі.

 

Свайго часу на прысядзібным участку Наталлі Канюк  чакаюць макадамія (найдаражэйшы ў свеце арэх), маракуйя, жыліберцыя. Гэтыя расліны ў нашых умовах могуць расці толькі ў аранжарэях. Калі з’явіцца аранжарэя ў парку Жылібера – невядома.

 

Наталля Канюк звяртаецца да ўсіх гарадзенцаў, якія вырошчваюць рэдкія расліны, ахвяраваць парасткі для адраджэння гарадзенскага батанічнага сада. Усе ахвярадаўцы будуць запісаныя ў ганаровую кнігу батанічнага сада.

Звязацца з спадарыняй Наталляй можна па тэлефонах: 75 33 01, 888 34 17 (МТС).

Батанічны сад ў Гродне быў закладзены Эмануэлем Жыліберам 236 гадоў таму.

 

У мінулым годзе Наталля Канюк сабрала подпісы пад лістом у падтрымку адраджэння сада і звярнулася ў аблвыканкам.

Улады яе ідэю таксама падтрымалі.

 

Гарадзенка Наталля Канюк стала ініцыятаркай адраджэння батанічнага саду, які быў заснаваны Эмануэлем Жыліберам 235 год таму.

Ліст у падтрымку ідэі адраджэння батанічнага саду падпісалі больш ста паважаных гарадзенцаў.

Наталля Рыгораўна звярнулася з гэтымі подпісамі ў аблвыканкам. Улады, як распавядае сама ініцыятарка, ідэю падтрымалі.