Стрыт-арт на глянцавых старонках
Новы глянцавы часопіс распавядае пра стрыт-арт. На старонках змешчаны творы вулічных мастакоў з розных куткоў краіны – Мінска, Брэста, Рэчыцы, Ліды і інш. Распавядаецца таксама пра супольныя міжнародныя праекты, у якіх прымалі ўдзел беларускія творцы, у часопісе прысутнічае і мастацтва гасцей. Мы вырашылі пагартаць яшчэ пахнучыя фарбай глянцавыя старонкі.
Форма
Першы нумар, стартавы, мае азнакамляльны характар і зроблены ў выглядзе альбома. Зручны фармат, якасны друк, насычаныя колеры, прыемная на дотык папера – усе якасці добрага глянцавага часопіса, але не загрувашчанага рэкламай. Мова выдання – беларуская (падкрэслівае аўтэнтычнасць і адметнасць аўтараў) і ангельская (для прэзентацыі беларускага мастацтва ў свеце). Сучаснасць надаюць QR-коды, змешчаныя на шматлікіх старонках.
Тут няма разгорнутых артыкулаў і рэцэнзій ад мастацтвазнаўцаў і крытыкаў, што падкрэслівае маладосць беларускага стрыт-арту. Але ёсць невялікія аповеды творцаў пра сваё бачанне мастацтва. Паслядоўна раскрываюцца тэмы, адсочваюцца накірункі ды ўплывы ў гэтай з’яве мастацтва. Кароткія, але ёмістыя тлумачэнні асноўных паняццяў – постэры, стэнсілы, фупрэматызм і г.д. Шматлікія выказванні вядомых людзей (Бернард Шоў, Оскар Уайльд, Гётэ, Пікасса ды інш.) пра мастацтва змешчаны амаль на кожнай старонцы. Гэта дапамагае глыбей пранікнуцца лірыкай і філасофіяй стрыт-арту.
Філасофія змагання
Стаўленне грамадства да стрыт-арту неадназначнае. Час ад часу з’яўляюцца артыкулы ды відэа сюжэты пра “вулічных хуліганаў”, якія псуюць прыгажосць і чысціню беларускіх гарадоў. Так мастакі хаваюцца за нікамі і працуюць часцей за ўсё непрыкметна. “Чалавек менш за ўсё падобны на сябе, калі кажа ад свайго імя. Дайце яму маску, і ён раскажа ўсю праўду,” – адзначылі на адной з старонак часопіса аўтары выдання.
У барацьбе з вулічным “хуліганствам” з’яўляецца новы накірунак – фупрэматызм, ці фундаментальны супрэматызм – кажучы прасцей, квадраты ды прамавугольнікі, якія малююць дворнікі, зафарбоўваючы працы стрытартэраў. Канешне, можна паспрачацца: ці з’яўляецца неўсвядомлены акт зафарбоўвання стрыт-арту дворнікамі па загадзе ЖЭСаў мастацтвам? Стрытартэры ставяцца да гэтага пытання па-філасофску і нават аддаюць пару старонак часопіса гэтым ананімным “талентам з ЖЭСаў”. “Атрымоўваецца, што стрыт-арт і фупрэматызм жывуць па законах дыялектыкі Гегеля: адзінства і барацьба супрацьлегласцяў,” – кажуць аўтары часопіса. Сёння вулічныя мастакі шукаюць дыялог з гледачом, змагаюцца з шарагоўскай абыякавасцю і гарадской шэрасцю, робяць урбаністычную прастору жывой.
Побач з выявамі гістарычных асобаў і культурных дзеячоў на гарадскіх аб’ектах з’яўляюцца міфічныя істоты і культавыя персанажы нашага часу. Імгненнае рэагаванне на падзеі ў свеце і краіне і адначасовы зварот да гісторыі і культурных традыцый робяць стрыт-арт актуальным. Жывапісным і графічным формам новага сучаснага мастацтва цесна ў галерэйным асяродку, і яны выходзяць у гарадскую прастору, робяць мастацтва масавым і даступным для гледача.
Прыклады легалізацыі стрыт-арту
Вулічнае мастацтва, якое хутка з’яўляецца і гэтак жа імгненна знікае, змагло прыцягнуць увагу людзей, неабыякавых да мастацтва. Так з’явіліся праекты, якія літаральна легалізавалі стрыт-арт у Беларусі. Трансфарматарныя падстанцыі і дзіцячыя пляцоўкі набылі свой твар. Запусціў праект Minsk Urban Art Дзмітрый Далгоў, стваральнік творчай супольнасці URBANPUNK.ORG. Было абрана некалькі сцен. Удзельнікі праекта намалявалі эскізы, якія далей былі ўзгоднены з мясцовай адміністрацыяй, а таксама з галоўным архітэктарам раёна.
Мастакі з творчага аб’яднання “КОНТРАрт” выканалі роспіс у Рэспубліканскім дзіцячым кардыяхірургічным цэнтры РНПЦ “Кардыялогія”. На бальнічных сценах пасяліліся казачныя персанажы і краявіды. “Кожны малюнак – гэта асобная гісторыя, свайго роду пасланне маленькім дзеткам, якім давялося сутыкнуцца з дарослымі цяжкасцямі.”
Удзел беларускіх мастакоў у міжнародных праектах
Падзяліцца сваім досведам прыязжаюць і мастакі з краін СНД. Так адбываецца ўзаемапранікненне культур. З ініцыятывы Яўгена Гавіна, які ў дзяцінстве жыў у Гродне, з’явіўся праект Belarus & Poland. Так беларускія стрытартэры апынуліся ў Варшаве. Творы польскіх мастакоў гарманічна ўпісаны ў архітэктуру горада і з’яўляюцца культурнымі праектамі. Годныя творчыя ідэі падтрымліваюць не толькі прыватныя, але і дзяржаўныя ініцыятывы.
Вядомыя ў Польшчы ветэраны вулічнага мастацтва праводзяць лекцыі і майстар-класы. Восенню 2012 года польскіх мастакоў чакаюць у Беларусі.
Рэдактары часопіса беларускага стрыт-арта прызнаюцца, што арыентаваліся на “чытача таго, што ў тэме”. Але значнасць гэтай падзеі відавочная. Сігнал – фактычна дакумент, які пацвярджае існаванне (і развіццё) стрыт-арта. Вулічнае мастацтва не толькі неадменная частка гарадской прасторы, але і значны ўнёсак у беларускае мастацтва.
У матэрыяле выкарыстаны ілюстрацыі з першага нумара часопіса “Signal”