На Гродзеншчыне адбылася VIP-аварыя
Прыблізна а 17-й гадзіне на 184-м кіламетры дарогі Мінск—Гродна ўлабавую сутыкнуліся Toyota Land Cruiser і Opel Astra.
Паводле афіцыйнай інфармацыі ДАІ Гродзенскай вобласці 59-гадовы «з невядомай пакуль прычыны выехаў на паласу сустрэчнага руху».
Магчыма, мяркуюць у міліцыі, кіроўцу ўседарожніка магло падвесці здароўе. Ён нядаўна выпісаўся з бальніцы і ў яго маглі ўзнікнуць праблемы з сэрцам.
Выезд «Таёты» на сустрэчку меў катастрафічныя наступствы для кіроўцы «Опеля» і яго пасажыраў.
Адзін з іх, 53-гадовы цесць кіроўцы, памёр ад траўмаў у рэанімацыі; 32-гадовы кіроўца (паводле неправеранай інфармацыі — міліцыянт), яго жонка, 8-гадовая дачка, цешча і сястра жонкі атрымалі цяжкія траўмы.
Кіроўца «Таёты» атрымаў чэрапна-мазгавую траўму і шматлікія ўдары.
Ягоныя дзеянні кваліфікуюцца як «парушэнне правілаў дарожнага руху або эксплуатацыі транспартных сродкаў, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека або прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання».
Калі будзе распачатая крымінальная справа і кіроўцу прызнаюць вінаватым, яму пагражае пакаранне да пяці гадоў зняволення.
У афіцыйных каментарах міліцыя не назвала імя кіроўцы «Таёты», а толькі ягоны ўзрост. Магчыма гэта і стала адной з прычынаў з’яўлення чутак вакол трагедыі.
Як толькі фота і відэа з месца трагедыі трапіла ў інтэрнэт, на форумах загаварылі, што кіроўцам Toyota Land Cruiser быў старшыня Лiдскага раённага сельскагаспадарчага ўнiтарнага прадпрыемства «Мажэйкава» Казiмiр Рахатка.
Гэтыя звесткі падмацоўваліся інфармацыяй ад пацыентаў з лідскай бальніцы, куды ён нібыта трапіў.
Некаторыя сведкі аварыі і простыя ўдзельнікі форумаў таксама звярталі ўвагу на тое, што нумарны знак «Таёты» таямніча знік пасля прыезду на месца ДТЗ міліцыянтаў. Маўляў, такое здараецца ў выпадку з VIP-аварыямі.
Многія ўказвалі на добрыя адносіны Рахаткі з Лукашэнкам, які ў 2005-м годзе асабіста прыняў кіраўніка гаспадаркі, якая ў тым годзе перамагла на «Дажынках».
«Паступіў з траўмамі без пагрозы для жыцця»
У рэанімацыйным аддзяленні Лідскай цэнтральнай раённай бальніцы карэспандэнту «Нашай Нівы» пацвердзілі інфармацыю пра шпіталізацыю старшыні «Мажэйкава». Там расказалі, што Казімір Рахатка паступіў да іх пасля аварыі з траўмамі, якія не неслі пагрозы для жыцця. У рэанімацыі пацярпелы правёў 15 гадзін і пасля стабілізацыі стану быў пераведзены ў хірургічны аддзел.
У рэанімацыі падкрэслілі, што Рахатка паступіў да іх з траўмамі, атрыманымі ў выніку аварыі. На момант шпіталізацыі праблем з сэрцам у яго не выявілі.
* * *
У 2010 годзе «Мажэйкава» фігуравала ў іншай аўтамабільнай гісторыі. У ліку іншых 39 гаспадарак Гродзеншчыны яна трапіла ў поле зроку пракуратуры. У 2008-м ЛРСУП «Мажэйкава», якое на той момант мела каля 3 мільярдаў рублёў запазычанасцяў, набыла аўтамабілі «Пежо-Партнёр» 2008 г.в. коштам Br35,6 млн. і «Фольксваген» 2007 г.в. за Br31,8 млн (курс даляра тады быў 2100).
Рахатка Казімір Уладзіслававіч — нар. 15 верасня 1952 г. Дырэктар ЛРСУП «Мажэйкава». Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі, кандыдат эканамічных навук. Член пастаяннай камісіі савета рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы (2000—2004), член пастаяннай камісіі СР па эканоміцы, бюджэце і фінансах (2004—2008).
ЛРСУП «Мажэйкава» — адно з найбуйнейшых селькагаспадарчых прадпрыемстваў Гродзеншчыны. Акрамя раслінаводства і жывёлагадоўлі займаецца вытворчасцю лікёра-гарэлачнай прадукцыі, мае ў валоданні лясную паляўнічую гаспадарку.