Беларусь застаецца без Балонскага працэсу мінімум на 3 гады
Беларусі, якая ў снежні 2011 году падала заяўку на далучэнне да Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі, што яднае ўсе краіны Еўропы, акрамя нашай, адмоўлена ў сяброўстве ў гэтай арганізацыі.
Прычына ў тым, што Беларусь не выконвае прынцыпы і каштоўнасці Балонскага працэсу, такія як акадэмічная свабода, інстытуцыйная аўтаномія і студэнцкі ўдзел у кіраванні вышэйшай адукацыяй.
Як раней паведамляў Generation.bY, у студзені 2012 году працоўная група Балонскага працэсу (BolognaFollow-Up Group), якая займаецца бягучымі пытаннямі Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі, рэкамендавала адмовіць Беларусі ў яе далучэнні да Балонскага працэсу.
Аднак канчатковае рашэнне мусілі прыняць 47 міністраў адукацыі на саміце ў Бухарэсьце 26–27 красавіка.
Цяпер стала вядома, што на новым пасяджэнні працоўнай групы беларускую заяўку на далучэнне вырашана было цалкам зняць з павесткі дня саміту.
Аб гэтым піша European Voice.
Наступная сустрэча міністраў пройдзе ў 2015 годзе ў Ерэване.
Там беларуская заяўка можа быць разгледжаная наноў.
Адмова Беларусі стала беспрэцэдэнтным крокам для Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі. Дагэтуль не было выпадкаў, каб заяўку краіны, што жадала ўвайсці ў Балонскі працэс, адхіляліз-заяе неадпаведнасці крытэрам прасторы.
У Балонскі працэс прынялі нават такія далёкія ад дэмакратыі краіны, як Казахстан і Азэрбайджан.
«Мы лічым, што дазвол Беларусі далучыцца да Балонскага працэсу быў бы выкарыстаны дзяржаўнай прапагандай, аднак зрабіў бы мала карыснага для студэнтаў і выкладчыкаў у такіх накірунках, як іх права на атрыманьне адукацыі і правядзенне даследаванняў», — кажа старшыня Еўрапейскага студэнцкага звязу Алан Пол.
Генеральны сакратар Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі Лэслi Ўілсан кажа, што няясна, ці змаглі б беларускія ВНУ і іх студэнты шмат займець ад далучэння да Балонскага працэсу.
«Аднак беларускія ўлады могуць выкарыстаць сяброўства ў адзінай еўрапейскай прасторы як прызнанне іх палітыкі ў сферы вышэйшай адукацыі», — кажа генеральны сакратар.
А пакуль Эўропа будзе падтрымліваць беларускіх студэнтаў і выкладчыкаў праз фінансаванне адмысловых адукацыйных праграм, Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту ў Вільні і такія праграмы абмену, як Tempus і Erasmus Mundus.
«Камісія перакананая, што гэтыя праграмы заахвоцяць Беларусь да мадэрнізацыі і раскрыцця яе сістэмы вышэйшай адукацыі, каб аднойчы гэта краіна здолела далучыцца да Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі», — заявіў прадстаўнік Еўракамісіі выданню European Voice.
Цяпер у праграмах ЕС у сферы вышэйшай адукацыі ўдзельнічаюць толькі 5 беларускіх ВНУ.
За два гады 230 беларускіх студэнтаў змогуць павучыцца ў Еўропе па праграме Erasmus Mundus.