Гарадзенцы хочуць жыць у добраўпарадкаваным горадзе

|

У паштовых скрынях жыхароў вуліц Суворава і Гданьскай, а таксама завулка Чыгуначнага нядаўна з’явіліся ўлёткі, у якіх гаворыцца, што жыхарам гэтых вуліц надакучыла хадзіць па ямах і калдобінах.

 

“Твайму Стылю” удалося паразмаўляць з адным з ініцыятараў акцыі Цімурам Куцам, рэдактарам гарадзенскага “Аўта часопіса”:

 

– “Мы, гарадскія жыхары, прызвычаіліся, што вакол нашых дамоў прысутнічае інфраструктура – магазіны, паліклінікі, школы і іншае. Але мы рэдка звяртаем увагу на самую якасць жыцця ў горадзе – наяўнасць дзіцячых і спартыўных пляцовак у дварах, парковачных месцаў, зялёных насаджэнняў.

 

Яшчэ радзей – на якасць дарог, па якіх мы перасоўваемся. Калі я кажу «звяртаем увагу», я маю на ўвазе не тое, што мы бачым, і не тое, з нагоды чаго руйнуецца. Я маю на ўвазе пошук вырашэння праблемы”.

 

Цяпер ідзе працэс збору подпісаў сярод жыхароў пад зваротам да мясцовых улад для таго, каб тыя выконвалі ўзятыя на сябе абавязальніцтвы па павышэнні якасці жыцця людзей.

 

Подпісы жыхароў маладзёны збіраюцца данесці дэпутатам на запланаваныя на 2 траўня і 16 траўня сустрэчы. Затым запланаваны сустрэчы з чыноўнікамі,  адказнымі за дарогі ў гэтых раёнах горада.

 

Гэта ўжо 3-я падобная грамадзянская ініцыятыва ў Гродна, і хлопцы, па іх словах, робяць усё магчымае для дасягнення сваёй мэты.