У Гродне каштоўныя дрэвы знішчаюць паводле заканадаўства
У рэканструяваных будынках 1926 года размесцяцца аднакватэрны і чатырохкватэрны жылыя дамы і дапаможныя збудаванні. Будаўнічыя працы павінны скончыцца да лета.
Паводле праекта неабходна выдаліць 32 дрэвы, у тым ліку частку грабавай алеі.
Гэтым разам ніякіх грамадскіх абмеркаванняў не праводзілася нават дзеля галачкі.
Аказваецца, заканадаўства дазваляе рубіць дрэвы без уліку меркаванняў грамадзян.
– Калі праект прадугледжвае вырубку дрэваў, то замоўнікі будаўніцтва не павінны праводзіць грамадскія слуханні, – распавёў карэспандэнту «Ежедневника» начальнік гарадской інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Лубін. – Праўда, мусіць быць праектна-сметная дакументацыя, зацверджаная ў вызначаным парадку.
Гэта дазваляе артыкул 37 Закона РБ “Аб раслінным свеце”.
У такіх выпадках супрацоўнікі інспекцыі могуць даведацца пра вырубку ўжо постфактум, як гэта і адбылося з дрэвамі па вул.Свярдлова.
Так можа здарыцца на любым аб’екце, які будуецца паводле праекта.
Па дрэвах, якім пагражае выдаленне без складання аб’екта, у Гродне па-ранейшаму будуць праходзіць грамадскія абмеркаванні.
Хаця тое, якім чынам гэтыя “абмеркаванні” апошнім часам праводзяцца, нічога акрамя абурэння ў неабыякавых грамадзян не выклікае.
Грамадскае аб’яднанне “Экадом” і экалагічнае таварыства “Зялёная сетка” рыхтуюць прапановы пра ўнясенне ў заканадаўства зменаў, накіраваных на пашырэнне ўдзелу грамадскасці ў прыняцці экалагічных рашэнняў і павышэнне ахоўнага статусу зялёных зон.
На сёння, вынікі няхай недасканалых грамадскіх абмеркаванняў маюць рэкамендацыйны характар.
Да таго ж, паводле юрыста ў галіне экалагічнага права “Зялёнай сеткі” Рыгора Фёдарава, піша www.naviny.by, грамадскія абмеркаванні патэнцыйна небяспечных для экалогіі праектаў праводзяцца “занадта позна”, калі праект ужо амаль цалкам узгоднены з усімі зацікаўленымі і ўнесці змены ў яго практычна немагчыма.
Разам з тым усе заўвагі грамадскасці разглядаюцца з пункту гледжання іх адпаведнасці заканадаўству.
“Калі заўвагі не грунтуюцца на парушэннях заканадаўства праекціроўшчыкамі, то гэтыя заўвагі адмятаюцца, – кажа Фёдараў. – Фактычна грамадскасць павінна быць яшчэ адным праваахоўным органам, які адлоўлівае парушэнні пасля ўсіх астатніх органаў”.
Між тым, роля грамадскасці зусім не ў тым, каб вышукваць у праекце юрыдычныя недакладнасці, зазначае юрыст.
Паводле «Ежедневника», www.naviny.by
Здымак «Ежедневника»