Ці ёсць чым ганарыцца суверэннаму беларускаму футболу?

|

Да еўрапейскай клубнай эліты можна залічыць хіба што барысаўскі БАТЭ, які рэгулярна гуляе ў еўракубках і ўваходзіць у ТОП -100 клубаў свету.

 

Нацыянальная зборная так аніводнага разу і не прабілася ў фінальную частку чэмпіянатаў Еўропы ці свету.

 

Стадыёны маленькія і пустыя, а галоўная арэна краіны – «Дынама» (на здымку) наогул выглядае як незразумелы перажытак XX стагоддзя, на якім сорамна прымаць замежных гасцей.

 

Урад кажа, што ў СПОРТ укладваюцца вельмі вялікія грошы. Ну а дзе тады вынік?

 

Так, можа ў хакей яны і ўкладваюцца, але па футболе гэтага не відаць.

 

Паглядзіце на хакей, на створаную для яго інфраструктуру! Чалавек можа прыйсці з сям’ёй, папіць спакойна піва і проста адпачыць.

 

Да прыкладу, на фінальныя матчы Адкрытага чэмпіянату Беларусі квіткоў не знайсці было. І такая сітуацыя па ўсёй краіне.

 

Паўсюль будуюцца лядовыя палацы. Толькі ў Мінску збудавалі «Мінск-Арэну” і да чэмпіянату свету 2014 года дабудоўваюць «Чыжоўку».

 

Гэта каштуе вельмі вялікіх грошай. (А калі ЧС-2014 усё ж адменяць?).

 

Дык ці так ужо складана аднавіць стадыён «Дынама» у Мінску? За гады можна было б назбіраць патрэбную суму. На Нацыянальную бібліятэку ж назбіралі!

 

Вось, да прыкладу, пачаўся новы футбольны сезон у Беларусі. Многія заўзятары чакалі, што сітуацыя з вялікім футболам у краіне хоць крыху зменіцца ў лепшы бок.

 

Але прыкметаў паляпшэння пакуль не відаць…

 

Наведвальнасць на стадыёнах застаецца па-ранейшаму нізкай. У Гродне мясцовы стадыён ЦСК “Нёман” месціць 8800 чалавек, але футбольныя матчы наведвае каля 3 тысяч заўзятараў. І гэта ў горадзе з больш, як 300-тысячным насельніцтвам!

 

 

Яшчэ не так даўно ў чарзе за квіткамі на стадыён людзi стаялі з самай раніцы.

 

У дзень матчу дабрацца да стадыёнаў было цэлай праблемай – транспарт быў забіты пад “завязку”.

 

У многіх беларускіх гарадах футбольная інфраструктура выглядае проста жахліва.

 

Зусім нядаўна гарадзенскаму «Нёману» прыйшлося гуляць у Жлобіне супраць бабруйскай «Белшыны» (стадыён у Бабруйску папросту не паспелі падрыхтаваць да чэмпіянату!).

 

Здымкі “з-за кулісаў” жлобінскага стадыёну доўга затым каментаваліся на розных футбольных форумах.

 

Вось так, да прыкладу, выглядае, гасцявая распранальня – малелькая каморка з крэслымі, дзе павінны змясціцца 25 дарослых мужчын, як таго патрабуе Рэгламент чэмпіянату.

 

На справе ж і для васьмярых месца будзе мала!

 

І гэта Вышэйшая Ліга Чэмпіянату Рэспублікі Беларусь!

 

Дарэчы, цікавы факт. Пару дзесяцігоддзяў таму на стадыёнах дазвалялася піць піва. І ні ў каго не з’яўлялася ідэя шпурнуць пустую бутэльку на поле. Пустую тару проста ставілі пад лаўку і ішлі сабе дадому.

 

Збіраць бутэлькі пасля футбольных матчаў было нядрэнным бізнэсам. Існавала цэлая група, якая зарабляла на гэтым.

 

Ідэйны натхняльнік такога савецкага “кааператыва” пасля некалькіх матчаў у вялікім горадзе мог купіць сабе новенькі аўтамабіль. Лічыце самі: той жа мінскі стадыён «Дынама» раней умяшчаў 50,500 чалавек, а адна бутэлька каштавала 30 капеек …

 

Зараз жа не тое, што піва – звычайную мінералку і тую пранесці складана, бо ў табе бачаць патэнцыйнага хулігана, які толькі і марыць, як шпурнуць затым бутэльку каму ў галаву!

 

Многія з заўзятараў лічаць што міліцыя на футболе ставіцца да іх, як да злачынцаў.

 

Пасля таго, як цябе “прапусцяць” праз некалькі кардонаў, праз металадэтэктар, абмацаюць з ног да галавы, жаданне наведваць футбол на беларускіх стадыёнах можа прапасці раз і назаўсёды!

 

А футбол у першую чаргу павінен быць святам!

 

Дык ці не час замяніць ужо на нашых стадыёнах міліцыю на цывільных “сцюардаў”, як гэта робіцца ў Еўропе? 

 

Ці не час усё ж такі, як на нармальных спартыўных арэнах свету, дазволіць піць піва?

 

Ці не час стварыць нармальную інфраструктуру (пункты харчавання, туалеты ў дастатковай колькасці і г.д.), каб на футбол пацягнуліся студэнты і рабочыя, людзі з сем’ямі?

 

Не трэба пазбаўляць людзей свята!

 

У свеце гэта даўно ўжо зразумелі. Футбольная індустрыя імкліва развіваецца і дае добры прыбытак. Рэклама і тэлебачанне прыносяць вельмі вялікiя грошы.

 

У нас жа гэтай вясной да нядаўняга часу футбол не трансляваўся аніводным тэлеканалам!

 

Вось такі ў нас пакуль сумны юбілей суверэннага футболу. Што будзе далей? Гэта залежыць ад таго, ці навучымся мы вучыцца на поспехах іншых …

 

Англія. Стадыён «Олд Трафард». Умяшчальнасць 78800 чалавек…

 

Даведка ТС:

 

Зборная Беларусі займае 68-мы радок у рэйтынгу футбольных зборных свету.

 

У вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі гуляе 11 каманд. Агульны кошт гульцоў вышэйшай беларускай лігі (дадзеныя transfermarkt.de) складае крыху больш за 70 млн. еўра. Для параўнання: кошт гульцоў польскай Экстракласы – 193 млн. еўра, украінскай Прэм’ер-Лігі 586 млн., літоўскай А-Лігі 22 млн. еўра. Паглядзець дадзеныя па іншых краінах можна на створаным намі інтэрактыўным графіку

 

Самы дарагі беларускі футбаліст – Аляксандр Глеб. У 2008 г. ён быў прададзены з лонданскага “Арсеналу” у “Барселону” за 17 млн. еўра. Цяпер гуляе за самарскія “Крылья Советов”. Той жа нямецкі transfermarkt.de ацэньвае зараз рынкавы кошт Глеба ў 3 млн. еўра.

 

Самы дарагі футбаліст у беларускім чэмпіянаце – нападнік БАТЭ Віталь Радыёнаў. У мінулым годзе яго заробак складаў каля 15 тыс. даляраў у месяц.