У Гродне адбудзецца трэці выпуск “Універсітэту Залатога Веку”
У час урачыстай выпускной вечарыны, якая адбудзецца 27 красавіка, слухачы УЗВ прадставяць вынікі свайго навучання ў 10 секцыях (беларуская, ангельская, польская мовы, “Акадэмія мастацтваў”, “Сад мары”, кампутарныя курсы, йога, “Беларускія вячоркі”, “Жыццёвы дзённік”, “Падарожжы ў часе і прасторы”), атрымаюць пасведчанні пра паспяховае сканчэнне акадэмічнага 2011-2012 года.
На сустрэчы будуць таксама агучаныя вынікі дабрачынных акцый, арганізаваных сёлета слухачамі УЗВ у межах “Школы добрых справаў”.
Сабраныя слухачамі УЗВ рэчы і кнігі адправіліся сёлета ў Дом ветэранаў, бібліятэку турмы, людзям, якія маюць у іх патрэбу
У час падсумаваўчага занятку, які адбыўся напярэдадні выпускной вечарыны, слухачы праграмы падзяліліся сваімі ўражаннямі ад удзелу ў ёй.
Вось толькі некалькі цытат з падсумаваўчых анкет:
– УЗВ не дае супакойвацца і старэць без карысці.
– Я стала больш сабранай, бо стараюся ўсюды паспець, быць карыснай хоць каму-небудзь з новых калег-слухачоў УЗВ.
– Адчуванне чалавечай цяплыні, магчымасць развівацца, рэалізацыя сваёй мары, быць цікавым і пазітыўным чалавекам у такім узросце. Я даўно зразумела, што гэта той самы праект, дзе кожны чалавек здольны праявіць сябе, адчуць сваю годнасць.
– Удзел у праграме дапамог мне пераадолець дэпрэсію і незапатрабаванасць, якая ахапіла мяне пасля звальнення з працы. Ніхто нікога не прымушае хадзіць на секцыі, гурткі, а ногі самі нясуць на вул. Будзёнага. Значыць, гэта нам патрэбна!
– Адчуванне ў мяне, старога чалавека, што жыццё працягваецца. Трэба запрасіць больш людзей для ўдзелу, каб менш было самотных і пакінутых.
– Шчасце пазнання гісторыі роднага горада. Лічу, што ў мяне ўсё наперадзе. На наступны год буду вучыцца яшчэ больш старанна.
Цяпер ва “Універсітэце Залатога Веку” пачынаюцца летнія канікулы. Ужо ў верасні пачнецца набор слухачоў на 2012-2013 акадэмічны год.
Секцыя йогі карысталася папулярнасцю
Майстар-клас па вырабе лялек
Самадапамога ў дзеянні: добраўпарадкаванне лецішча адной са слухачак УЗВ
Праграма “Універсітэт Залатога Веку”была заснаваная ў красавіку 2010 г. грамадскім аб’яднаннем “Цэнтр “Трэці сектар”.
Мэтай праграмы з’яўляецца інтэлектуальная, фізічная і сацыяльная актывізацыя сталых людзей.