Хлеб, малако, гарэлка даражэюць

|

Гэта прадугледжана пастановай Міністэрства эканомікі ад 26 красавіка нумар 35 “Аб цэнах на сацыяльна значныя тавары і прызнанні страціўшымі сілу некаторых пастаноў Міністэртсва эканомікі Рэспублікі Беларусь”, паведамілі БЕЛТА ў аддзеле па сувязях з грамадскасцю Мінэканомікі.

У прыватнасці, павялічаны гранічныя максімальныя адпускныя цэны на малако каровіна пастэрызаванае і кефір з каровінага малака тлустасцю да 3,5 працэнта ўключна, смятану тлустасцю да 25 працэнтаў уключна, тварог тлустасцю да 9 працэнтаў уключна, без смакавых дабавак і напаўняльнікаў – на 10 працэнтаў, хлеб жытне-пшанічны, батоны і булачкі з пшанічнай мукі няздобныя вагой 300 г і больш – на 5 працэнтаў.

“Пры гэтым з мэтай паэтапнага скарачэння дыспарытэту коштаў паміж аналагічнымі відамі малочных прадуктаў прынята рашэнне аб неперавышэнні малакаперапрацоўчымі арганізацыямі на высакатлустыя віды малочных прадуктаў, а таксама на малочныя прадукты са смакавымі дабаўкамі і напаўняльнікамі ўзроўню адпускных цэн, устаноўленага імі на 29 красавіка 2012 года”, – падкрэслілі ў Мінэканомікі.

 

Інакш кажучы, адпускныя цэны, якія ўстаноўлены на высакатлустыя віды малочных прадуктаў, а таксама на малочныя прадукты са смакавымі дабаўкамі і напаўняльнікамі на 29 красавіка гэтага года, не могуць быць перавышаны ў далейшым. У тым ліку і пры ўстанаўленні цэн на новыя віды названых тавараў, аналагічныя тым, што выпускаюцца.

 

Гранічныя мінімальныя цэны на алкагольную прадукцыю мацункам звыш 28 працэнтаў таксама павышаюцца ад заўтра.

Гэта прадугледжана пастановай Міністэрства эканомікі ад 26 красавіка 2012 года нумар 36 “Аб унясенні змяненняў у пастанову Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь ад 31 сакавіка 2011 года нумар 49”.

Згодна з пастановай, за 0,5 л алкаголю мацункам 40 працэнтаў, вырабленага і рэалізаванага ў Беларусі, гранічная мінімальная рознічная цана з ПДВ складзе Br19,6 тыс. (раней дзейнічала цана Br9,4 тыс.), адпускная цана франка-адпраўлення (без ПДВ ) – Br14,2 тыс. (раней – Br6,83 тыс.). Мінімальная адпускная цана на імпартныя алкагольныя напіткі, што рэалізуюцца ў Беларусі, без ПДВ складзе Br28,4 тыс. (раней – Br13,65 тыс.).

Павышаюцца таксама гранічныя мінімальныя адпускныя цэны на этылавы спірт з харчовай сыравіны. Цяпер дыяпазон цэн франка-адпраўлення без ПДВ за дэкалітр бязводнага спірту ўстаноўлены ад Br62 тыс. да Br281,2 тыс. (раней – ад Br30 тыс. да Br134,2 тыс.).

 

Здымак з сайта http://polotsk.ws