Ватыканскі іерарх наведае Слонім
Візіт арцыбіскупа Кірылы Васіля ў Слонім звязаны з ушанаваннем памяці Экзарха Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы а. Антона Неманцэвіча.
У міжваенны перыяд ён працаваў у Альбярціне непадалёк ад Слоніма, узначальваў Грэка-Каталіцкую Царкву на Беларусі з верасня 1939 па 1942 год.
У жніўні 1942 года Экзарх быў арыштаваны гестапа і памёр у мінскай турме СД 6 студзеня 1943 года.
8 мая ў 15.30 сакратар Кангрэгацыі па справах Усходнік Цэркваў арцыбіскуп Кірыла Васіль будзе маліцца Акафіст перад рымскай іконай Жыровіцкай Маці Божай (касцёл св. Андрэя).
У малітве будуць удзельнічаць вернікі рыма-каталіцкага і грэка-каталіцкага абрадаў, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.
Візіт арцыбіскупа Кірылы Васіля ў Беларусь працягнецца з 7 да 10 мая.
Уладыка сустрэнецца з вернікамі рыма-каталіцкага і грэка-каталіцкага абрадаў, памоліцца на месцах пакутніцкай смерці жыхароў палескіх вёсак, што ўваходзілі ў склад грэка-каталіцкай парафіі ў Бабровічах, спаленых гітлераўцамі ў снежні 1942 года.
9 мая сакратар Кангрэгацыі па справах Усходнік Цэркваў арцыбіскуп Кірыл Васіль адслужыць Паніхіду за ахвяр вайны ў Хатыні.
У Мінску арцыбіскуп Кірыла Васіль правядзе канферэнцыю на тэму «Значэнне хрысціянскага Усходу для паўсюднага Касцёла», паўдзельнічае ў адкрыцці выставы акварэляў «Уніяцкая архітэктура Беларусі» (ніжняя зала касцёла святых Сымона і Алены), сустрэнецца з Патрыяршым Экзархам Мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам, намеснікам міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь, паслом Рэспублікі Беларусь пры Святым Пасадзе Сяргеем Алейнікам, адкажа на пытанні журналістаў.
Кангрэгацыя па справах Усходніх Цэркваў апякуецца справамі каталікоў усходніх абрадаў (візантыйскі, армянскі, коптскі, эфіёпскі і г.д.), у Беларусі гэта грэка-католікі.
У Гродзенскай вобласці на сёння зарэгістраваныя 2 грэка-каталіцкія парафіі – у Гродне і Лідзе.
Здымак з сайта http://svjazep.org