Прэзентацыя новай кнігі Алеся Краўцэвіча адбудзецца ў “Крызе”

Наведнікаў будуць сустракаць рыцары, мерапрыемства аздобіць сярэднявечная музыка ў жывым выкананні.

Пачатак прэзентацыі ў мастацкай галерэі “Крыга” ў 18 гадзін.

 

Пра сваю кнігу “Твайму стылю” распавёў Алесь Краўцэвіч:

 

–          Мая новая кніга – літаратурнае эсэ, але заснаванае на дакументах.

Я гісторык, таму не магу фантазіраваць (дысцыпліна абавязвае), магу толькі рэканструяваць падзеі на падставе дакументаў.

Гэта біяграфія манарха, які упершыню аб’яднаў у адной дзяржаве ўсе гістарычныя землі Беларусі. Гэта стала адным з чыннікаў стварэння беларускага народа.


Гедымін быў больш дыпламат, чым ваяр, больш стваральнік, чым разбуральнік, – вельмі рэдкая рыса для тагачаснага манарха.

 

Кніга на беларускай і ангельскай мовах, выдатна ілюстраваная, таму ў мінскіх крамах яе добра набываюць замежнікі.

 

На выставе твораў  Ігара Гардзіёнка, якая будзе працаваць у галерэі “Крыга” як мінімум 2 тыдні, кніжныя ілюстрацыі можна будзе ўбачыць у натуральную велічыню.

 

 

Новую кнігу Алеся Краўцэвіча можна набыць праз інтэрнэт і ў кнігарнях “Белкнігі”.

 

Здабыць выданне “Гедымін. Каралеўства Літвы і Русі (1316-1341)” з аўтографам аўтара можна будзе і падчас прэзентацыі.

 

Гэта першая прэзентацыя кнігі, якая выйшла з друку ў красавіку.

Наступная адбудзецца ў Цэнтры сучаснага мастацтва ў Мінску.

 

Здымак з сайта http://nn.by