Хто папросіць прабачэння за “прафуканую” Перамогу?

|

Людзі, якія распараджаліся вынікамі гэтай Перамогі, ператварылі яе ў дзесяцігоддзі татальнай паразы… Ці не час папрасіць прабачэння за гэта?

 

Сёлетняе святкаванне 9 мая зноў праходзіць з помпай.

 

Сцягі і плакаты з савецкай і нават царскай (“георгіеўскія стужкі”) сімволікай, палымяныя прамовы і парады, сімвалічныя дары апошнім салдатам той вайны…

 

За ўсім гэтым, як за шырмай беднага тэатру, год за годам хаваюцца фатальныя памылкі, крывавыя злачынствы, недаравальная абыякавасць тых, хто мусіў скарыстацца вынікамі Перамогі, каб зрабіць нашую Беларусь квітнеючай і заможнай. Хто замест гэтага ператварыў яе ў “апошнюю дыктатуру Еўропы”…

 

Хаваецца маўклівае расчараванне тых пераможцаў, якія спазналі ўсе жахі ваеннага ліхалецця і ў выніку…жывуць у шмат разоў горш за калісьці імі пераможаных…

 

Ці задумваліся вы, якія салдаты шчодра засеялі гарадзенскю зямлю ў час яе вызвалення ў 1944-м?

 

У большасці сваёй – толькі-толькі мабілізаваныя ва ўсходнебеларускіх гарадах і вёсках юнакі і дзяцюкі.

 

Іх, неабстрэляных і неабвучаных, кідалі ў часта безсэнсоўныя атакі і прарывы на добра арганізаваную абарону немцаў. Ці трэба тады здзіўляцца, што пераможцаў на той вайне загінула нашмат больш, чым пераможаных? Ніхто не лічыўся жыццямі беларусаў (рускіх, украінцаў, грузінаў і г.д.) да Перамогі.

 

Ніхто не лічыўся іх жыццём і пасля яе…

 

…Некалькі год таму ў Ню-Ёрку мне паказвалі цэлы квартал шматпавярховых дамоў з чырвонай цэглы, якія былі адмыслова збудаваныя ў сярэдзіне 40-х для амерыканскіх салдат, якія вярталіся з палёў Другой сусветнай.

 

Апроч гарантаванага жытла, ветэранаў вайны там чакалі ільготы пры паступленні ва ўніверсітэты, дапамога ў пошуку працы.

 

А што чакала беларусаў? Рэпрэсаваныя сваякі і суседзі, адабраная ў калгасы зямля, гады фактычна прыгонніцкай працы за бясцэнак.

 

У той час, як ветэраны Другой сусветнай з краін-пераможцаў і краін, якія ў той вайне прайгралі (немцы, японцы, італьянцы) на старасці вандравалі па свету, грэлі свае састарэлыя косткі на лепшых курортах, нашыя дзяды эканомілі на ўсім, чым можна.

 

Калі нямецкія пенсіянеры ў пачатку 90-х ужо пачыналі асвойваць інтэрнэт, сталыя жыхары Гродна ўсё яшчэ карысталіся трафейнай нямецкай тэлефоннай станцыяй, якая абслугоўвала цэнтр горада!

 

Можна колькі заўгодна крычаць “Мы помнім!”. Але ці не прыйшоў час сказаць “Мы просім прабачэння!”.

 

У тых, хто так і не дажыў да абяцанай светлай будучыні, у тых, хто яшчэ застаецца побач з намі.

 

Сказаць словы прабачэння павінны найперш тыя, хто лічыць сябе спадкаемцамі той улады, якая “прафукала” вялікую Перамогу, якая дзесяцігоддзямі хавала свае правалы і злачынствы за высокімі словамі і пераможнымі сцягамі.

 

“Помнім і просім прабачэння!” – гэта былі б самыя шчырыя і патрэбныя словы ў гэтыя майскія дні.

 

Без гэтых словаў усе плакаты ды сцягі, салюты ды канцэрты ў амонаўскім кардоне ўсяго толькі “народныя гулянні”, якія хутка згубяць сэнс, як гэта здарылася са святкаваннем 1 мая.

 

Гэта чарговая цынічная спроба адцягнуць разлікі з мінулым.

 

Неасэнсаваная ўласная гісторыя мае звычку вяртаць назад тых, хто не хоча асэнсоўваць яе ўрокі.

 

Гэта азначае, што мы зноў і зноў будзем вяртацца ў той 1945-ты, дзе будуць не толькі пераможцы, але і “ворагі народа”, пустыя абяцанні і галеча.

 

На здымку: помнік салдатам і афіцэрам, якія загінулі пры вызваленні Гарадзеншчыны. Мястэчка Свіслач ля Гродна.

 

Фота Ланы Руднік