Бацькі вучняў польскай школы працягваюць змагацца за захаванне статуса навучальнай установы

Чыноўнік пацвердзіў планы па стварэнні ў польскай школе з наступнага навучальнага  года двух класаў з рускай мовай навучання.

На аргументы загадчыка аддзела адукацыі аб тым, што мікрараён “Дзевятоўка” хутка расце і месцаў у іншых школах не хапае, бацькі прыводзілі свае.

 

На іх погляд стварэнне ў школе рускамоўных класаў пашкодзіць вучням польскага паходжання.

 

Довады бацькоў прыгадвае ўдзельнік учарашняй сустрэчы сябра Рады школы  Веслаў Кеўлік:

–          Школа будавалася на сродкі польскіх грамадзян для навучання і выхавання дзяцей польскага паходжання на польскай мове. Увядзенне рускіх класаў паўплывае негатыўна на сітуацыю ў школе, дзе і так ёсць русіфікацыя.

 

А як навучэнцы рускіх класаў будуць адчуваць сябе на лінейках, якія праводзяцца на польскай, незразумелай для іх,  мове?

 

Да таго ж гэтыя класы не вырашаць праблему.

Улады маглі б падумаць раней пра тое, што на мікрараёне не хапае школы. Цяпер яны хочуць вырашыць праблему за наш кошт, хаця праз гэта ствараюць праблему яшчэ большую.

 

На самой справе месца ў польскай школе няма: некаторыя заняткі  і зараз даводзіцца праводзіць у прыстасаваных памяшканнях.

 

 

На думку ўдзельнікаў схода, пераканаўчых довадаў на карысць стварэння рускамоўных класаў у школе ад загадчыка аддзела адукацыі Ленінскага раёна яны не пачулі.

Сустрэча скончылася абяцаннем чыноўніка давесці да свайго кіраўніцтва меркаванне бацькоўскіх камітэтаў.

 

Наступная сустрэча з чыноўнікам прызначаная на 22 мая.

Прадстаўнікі бацькоўскіх камітэтаў рашуча запатрабавалі, каб яна была адкрытая для ўсіх бацькоў вучняў польскай школы.

Агульны сход пройдзе ў актавай зале школы ў 17.30.

 

Сёння занепакоеныя лёсам адзінай у Гродне польскай школы бацькі накіравалі ліст міністру адукацыі (копіі – ў Камітэт па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, польскае пасольства і мясцовыя органы ўлады).

У лісце, пад якім сотні подпісаў, выказваецца пратэст супраць захадаў па стварэнні ў школе класаў з рускай мовай навучання.

 

Сітуацыя вакол польскай школы пачала накаляцца ў сакавіку, калі з’явіліся першыя чуткі пра планы ўладаў. Пазней намер стварэння рускіх класаў пацвердзіў загадчык аддзела адукацыі Ленінскага раёна Гродна Сяргей Ламека ў эфіры Гродзенскага тэлебачання.

 

Будынак гродзенскай школы №36 афіцыйна належыць праўладнаму “Саюзу палякаў на Беларусі”, ад рашэння якога фактычна залежыць лёс польскай школы.