Музей гісторыі рэлігіі запрашае на баль
Дзённая праграма пачнецца ў 11 гадзін і будзе бясплатнай.
Ст. навуковы супрацоўнік музея Вера Хведчына:
– З 11 да 15 гадзін у межах абласной акцыі “Анёл у тваім сэрцы” адбудуцца майстар класы на лозапляценні, разьбярстве, вышыванні лентамі, саломапляценні, вырабе тэкстыльнай лялькі.
Кожны зможа паназіраць за працай майстроў і паспрабаваць сам.
У першую чаргу мы запрашаем дзяцей з дзіцячых дамоў, але далучыцца змогуць усе наведнікі: і дзеці, і дарослыя.
Матэрыялы для працы майстры прынясуць з сабой.
З 11 да 14 гадзін будзе працаваць пляцоўка для самых маленькіх “Сакрэты старога куфэрка”.
З 12 да 14 будуць выступаць навучэнцы і педагогі музычных школ горада і фальклорны ансамбль каледжа мастацтваў.
У 15 гадзін у музейным дворыку пачнецца спектакль “Гродзенскай надзеі”.
Вечаровая праграма працягнецца з 21 да 24 гадзін.
Уваход на яе будзе платны, кошт квітка – 30 тысяч рублёў.
Гасцей запросяць на так званы бал у Тызенгаўза “У танцы скрозь стагоддзі”.
Вера Хведчына:
– Мы робім ужо трэці такі бал.
Наш музей размешчаны ў былым палацы, адным з гаспадароў якога быў Антоні Тызенгаўз. Сустракаць гасцей будзе сам гаспадар, у праграме – танцы. Паланэз, мазурка… Можна будзе паназіраць, можна далучыцца.
Лепей, канешне, прыйсці ў адпаведных сукенках, але пакуль мы абмежаванняў не ўводзім.
На бале будзе граць ансамбль старажытнай музыкі, запрошана некалькі музычных калектываў.
Заўсёды весела адбываецца розыгрыш фантаў, а напрыканцы, як звычайна, гасцей чакае сюрпрыз.
Акцыю “Дзень і ноч у музеі” музей гісторыі рэлігіі ладзіць трэці год запар.
Здымак з сайта http://www.grodno.biz