Караткевіч, Геніюш і Барадулін загучаць у Гродна
“Галасы Уладзіміра Караткевіча, Ларысы Геніюш, Рыгора Барадуліна. 1968” сталі вынікам супольнага праекта Сяргея Панізніка і Глеба Лабадзенкі. Выданне дыску стала магчымым дзякуючы падтрымцы культурніцкай кампаніі «Будзьма!» Аўдыёвыданне ўтрымлівае 23 унікальныя трэкі з жывымі галасамі трох класікаў беларускай літаратуры. 40 год таму на бабінны магнітафон “Рамантык” іх запісаў Сяргей Панізнік. Вершы Рыгора Барадуліна на дыску ідуць парамі: запіс 1968 года і сучасны варыянт, зроблены Глебам Лабадзенкам у студыі.
Па словах Глеба, 200 паасобнікаў выдання разышліся за месяц. На гродзенскай прэзентацыі будзе магчымасць набыць плытку.
У прэзентацыі возьмуць удзел Глеб Лабадзенка, а таксама паэт Анатоль Вярцінскі.
Музычнае аздабленне – Алесь Зайцаў, удзельнік гурта “Босае сонца”.
Пачатак прэзентацыі ў 18.30 у памяшканні ТБШ па вул. Будзёнага, 48а-44.