Дывертысмент. Відэапаказ. «Акцёрскае» кіно. Што далей?
Пакуль нічога «такога» не адбываецца, і ўсе ў чаканні: ідуць напрацаваныя спектаклі, аднаўленчыя рэпетыцыі, але гэта не значыць, што тэатр спіць. Тым і добры гэты жывы арганізм, што здольны самастойна пульсаваць, нараджаць экспромты.
Падаспеў, напрыклад, юбілей вядучага артыста тэатра Аляксандра Шэлкаплясава, сабраліся артысты – Святлана Завадская, Валянціна Лунёва, Аляксандр Калагрыў, Васіль Мініч і гукарэжысёр Жана Літвінёнак і … знялі фільм пра калегу.
Цалкам прыстойны, а галоўнае – шчыры, што ў наш прагматычны век зусім нямала. І зараз «катаюць» кіно перад пачаткам спектакляў, даюць дадатковую магчымасць сустрэцца з любімым артыстам.
А заслужаная артыстка РБ Людміла Волкава і зусім паўстала ў новай якасці. У незвычайнай для самой сябе ролі – рэжысёра. Яе сумесны праект з Гродзенскай гарадской капэлай – гэта своеасаблівы дывертысмент, злучэнне выдатнай музыкі Моцарта з акцёрскай гульнёй і танцавальным фрагментам. Відовішча вымалявалася яркае, у добрым сэнсе «эстэцкае» і для нашага горада вельмі незвычайнае.
Вядома, гэта – акцёрская пастаноўка, і можна пры жаданні знайсці нямала рэжысёрскіх недахопаў. Напрыклад, хацелася б больш узбуйненай падачы жывой музыкі (і ў гукавым узмацненні, і ў мізансцэнічным размяшчэнні музыкаў); хацелася б больш выразнага пластычнага рашэння вакальных нумароў; хацелася б больш дакладнай расстаноўкі акцёрскіх задач у кожным фрагменце-дыялогу, але ў цэлым … (На фота: А. Шэлкаплясаў ў «Прымаках» Янкі Купалы).
І пастаноўшчыку, і выканаўцам атрымалася стварыць атмасферу нягучнага, але вельмі пранізлівага дзейства – своеасаблівага эмацыйнага паклону вялікаму кампазітару.
І яшчэ адна цікавая ініцыятыва. На гэты раз яна зыходзіць ад кіраўніка пластычнай групы-мадэрн «Галерэя» Аляксандра Цебянькова. Ён арганізаваў відэапаказ (на малой сцэне драмтэатра) спектакля Омскага Дзяржаўнага драматычнага тэатра «Ад чырвонага пацука да зялёнай зоркі» па п’есе А.Слапоўскага.
«Ад чырвонага пацука да зялёнай зоркі» на гарадзенскай сцэне
Гэтую акцыю, з абмеркаваннем пасля прагляду, Аляксандр назваў чамусьці «Закрыты паказ». Лепш бы – «адкрыты», таму што спектакль вельмі своеасаблівай мовай распавядае пра жыццё аднаго са звычайных дамоў, пачынаючы з склепа і заканчваючы дахам. Спектакль проста іскрыўся арыгінальнымі рэжысёрскімі і акцёрскімі знаходкамі. Было пра што пагаварыць! А ў зале, на жаль, крыху больш за 20-ці чалавек…
Часам камернае мерапрыемства нясе ў сабе значна больш чалавечай і эмацыйнай інфармацыі, чым іншае – больш шумнае ды разрэклямаванае. Старайся, Саша! Я ўжо хачу трапіць на наступны, але «адкрыты» паказ.
І ўсё-такі на фоне такіх яркіх праяў асабістай ініцыятывы, мы чакаем ад нашага тэатра галоўнай падзеі. Спектакля-падзеі! Спектакля, у якім зазіхаціць усімі фарбамі і адценнямі патэнцыял калектыву Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра, які, дарэчы, у гэтым годзе рыхтуецца адзначыць сваё 65-годдзе.
Фота на застаўцы: фрагмент з «Зялёнага пацука…»