На гродзенскім тэлебачанні ў каталікоў з’явілася ўласная праграма

|

Як распавёў “Твайму стылю” прэс-сакратар Гродзенскай рымска-каталіцкай епархіі кс. Павел Салабуда, перадача ў першую чаргу заклікана асвятляць рэлігійнае жыццё каталікоў на Гарадзеншчыне.

 

Кс.Павел:

“Сімвал веры” будзе выходзіць раз на 2 тыдні, па аўторках.

Наша наступная перадача распавядзе пра пілігрымку ў санктуарыюм у Капцёўцы, пасля падрыхтуем матэрыял пра першую святую камунію, пра семінарыйнае жыццё.

Пастараемся звязваць выпускі “Сімвала веры” з вялікімі святамі.

 

Пакуль гэта выглядае як агляд падзей з каментарамі, а ў перспектыве хочам рабіць перадачу ў стыле ток-шоў, запрашаць у студыю гасцей, абмяркоўваць цікавыя для гледачоў тэмы.

 

Падрыхтоўкай “Сімвала веры” займаецца каталіцкая студыя тэлебачання (секцыя створаная пры Гродзенскай епархіі) сумесна с тэлерадыёкампаніяй.

 

Кс. Павел узгадаў, што калісці рэлігійная каталіцкая перадача на гродзенскім тэлебачанні ўжо выходзіла, а пасля зачынілася.

У апошні час вернікі асабліва часта пыталіся, чаму ў Мінску, Віцебску ёсць каталіцкія перадачы, а ў Гродне няма.

Над вырашэннем праблемы Гродзенская Каталіцкая Епархія разам з гарадскімі ўладамі працавала каля году.

 

 

Каталіцкая перадача на канале “Гродна Плюс” будзе чаргавацца з праваслаўнай.

 

Епархіяльны адказны за супрацоўніцтва з СМІ а.Андрэй Яварэц, распавёў, што ў дадзены момант распрацоўваецца фармат перадачы:

 

Перадача “Каложскі дабравест” выходзіла на канале “Гродна Плюс”  і мела свайго гледача.

Аднак яе распрацоўшчык перайшоў працаваць на абласное тэлебачанне, там цяпер і выходзіць праграма ў звыклым фармаце, але пад іншай назвай.

 

Праваўладальнікам назвы “Каложскі дабравест” застаўся канал “Гродна Плюс”, таму зараз мы працуем над тым, каб зрабіць перадачу наноў, у новым фармаце, з новымі тварамі.

Перадача будзе прысвечаная Праваслаўю і яго пераламленню ў культурнай сферы.. .

Хацелася б асвятляць і падзеі вакол Праваслаўя, паказваць нашы ініцыятывы ў сацыяльнай і грамадскай сферах.

 

У цэнтры праграмы, на думку а.Андрэя, павінна быць дыскусія: пытанні-адказы, элементы прамога эфіру, можа магчымасць дасылаць пытанні праз інтэрнэт. Няхай гэта будзе 20 хвілін, але жыва і актуальна: людзі, факты, каментары.

Хто будзе рэжысёрам, хто вядучым перадачы пакуль  да канца не вызначана, хаця людзі ёсць.