Адукаванае цемрашальства

|

Не абыйшлося без іх ні ў мінулым годзе, ні ў гэтым. Маецца на ў вазе ні што іншае, як прафесійная суразмова. Пры паступленні на такія спецыяльнасці, як журналістыка, міжнароднае і эканамічнае права, мытная справа, абітурыент павінен прайсці суразмову ў вызначаны тэрмін. Без яе (суразмовы) – проста не дапусцяць да цэнтралізаванага тэсціравання.

Гэтае нечаканае цемрашальства як з-пад зямлі вынырнула ў мінулым годзе: многія абітурыенты даведаліся аб суразмове, ужо будучы адхіленымі ад тэсціравання. На гэты раз Міністэрства ўсяляк імкнулася папярэдзіць выпускнікоў, усё абыйшлося гуманней, але неяк гвалтоўна.

Дазвольце, чаму суразмова праводзіцца за два месяцы да сканчэння навучальнага году? Ці не лепей было б правесці яго непасрэдна перад паступленнем? А самае галоўнае – на што яно спатрэбілася? Да нядаўняга часу абыходзіліся без суразмовы, але простага ЦТ Міністэрству паказалася недастаткова.

– Нічога жудаснага ў прафесійнай суразмове няма, гэта звычайны прафадбор, – супакайвае дырэктар цэнтра тэставання і прафарыентацыі. У яе голасе чуецца слабая нотка раздражнення. «Дасталі» пытаннямі, трэба лічыць. – Гэтым займаюцца спецыялісты, псіхолагі. У першую чаргу карысць ад суразмовы атрымлівае прафесія, якую абіраюць студэнты.

Пытанні «спецыялістаў, псіхолагаў» павінны вызначыць, на колькі чалавек падрыхтаваны да абранай прафесіі. Так яно і адбываецца, але некаторыя з пытанняў стаяць на мяжы маразму. Напрыклад, будучых журналістаў дапытваюць: «Ці ёсць у цябе куміры ў журналістыцы? Любімыя газеты, тэлепраграмы, часопісы? » Смеху варта! Запыталі б яшчэ: «Што ты любіш больш: «Будвайзер» ці «Рэчыцкае». Аднак, нават разумныя і сур’ёзныя пытанні дапамагаюць не табе, а прафесіі, і, у першую чаргу, дзяржаве. Не забываем пра гэта.

Тых, хто па асабістых прычынах не запісаўся на суразмову, можна сардэчна павіншаваць – у пераносным сэнсе. Усе, хто спазніўся, не маюць аніякай магчымасці паступіць на абраны факультэт у гэтым годзе, ім давядзецца чакаць наступнага. Калі не раздумаеце – падрыхтуйцеся як след: ці мала якое «каленца» выкіне Міністэрства адукацыі зноў.

Яўген Іваноў