Браты-славяне ды нафта з газам, ці паварот да Еўразвязу?
Мы апыталі больш за 20 чалавек. Меркаванні ў людзей былі розныя: моладзь імкнецца ў Еўропу, а людзі «савецкай загартоўкі» – да Расіі. Адзінкі лічаць, што трэба імкнуцца да саюзу з… Азіяй.
На думку нашага першага суразмоўніка Уладзіміра, лепш мець саюз з Расіяй, паколькі ўсходнія суседзі нядрэнныя партнёры ў сферы эканомікі. Аднак прыкладаў «партнёрства» ён не прывёў і фатаграфавацца адмовіўся.
align=”left” >Дзяўчынка Кацярына, напэўна навучэнка якога-небудзь мясцовага каледжа, лічыць: «Абодва саюза добрыя. У кожнага ёсць свае плюсы і свае мінусы. Памятаеце, калі Расiя адключыла нам газ, Еўропа дапамагла. Так што, і з тымі, і з тымі трэба сябраваць». Падрабазнасцей пра «газавую дапамогу Еўропы» Кацярына нам не распавяла, таму і мы нічога на гэты конт выдумляць не будзем.
А вось малады чалавек Павел думае інакш: «Калі будзем аб’ядноўвацца з Расiяй, то нашу краіну абкрадуць. Трэба ўсё ж такі імкнуцца да еўрапейскага ўзроўню, да Еўропы. І жыць нам стане значна лепш».
Канстанцін, чалавек ва ўзросце, адказаў на нашае пытанне так: «З Расiяй трэба абавязкова сябраваць. У іх ёсць сыравіна, а ў нас нічога – ні газу, ні нафты. Мы – славяне, мы – адно цэлае. Так што я – за Расію. Што тычыцца Еўропы, то мы ім не патрэбныя». Жанчына Марына, якая адпачывала ў парку на лаўцы, сказала: «Няхай усё вырашаюць палітыкі. Ды і наогул нам трэба выбраць свой шлях, па якім мы будзем ісці, і не залежыць ні ад каго». У цэнтры Гродна мы сустрэлі пажылую мілую жанчыну Лілію Канстанцінаўну: «Я старая, я прывыкла да Расiі. Усе сваякі там. Мне вельмі падабалася жыць пры Саюзе, у які ўваходзіла шмат краін – тыя ж Літва і Латвія. Я кожны год ездзіла ў Палангу адпачываць, а цяпер нават не ведаю, куды пры сваім фінансавым становішчы паехаць».
Студэнт-праграміст Дзмітрый лічыць, што беларусы бліжэй па менталітэту да еўрапейцаў. У саюзе з Еўропай будзе больш шанцаў працаўладкавацца і атрымліваць вялікія грошы. (ФОТО 2)
Пра менталітэт, але з іншага боку, распавяла Таццяна: яна лічыць, што беларускі менталітэт бліжй да расійскага. Да саюзу з Еўропай мы не гатовыя. Праўда не цалкам, усёй краінай. Брэсцкая і Гродзенская вобласць больш «прагрэсіўныя» у гэтым сэнсе.
Аляксандр, напэўна выкладчык ў якім-небудзь ВНУ, ад здымкі адмовіўся, але ахвотна з намі пагутарыў:
– Я думаю, Беларусі трэба выбудоўваць адносіны і на Усходзе і на Захадзе. Як сказаў адзін вялікі чалавек, «у Брытаніі няма пастаянных сяброў, ёсць пастаянныя інтарэсы». Так і беларусам трэба сябе суадносіць у знешнепалітычных пытаннях: калі інтарэсы супадаюць на Ўсходзе, тады – туды, калі на Захадзе – адпаведна. Вось я, да прыкладу, часта бываю ў Расіі, і мне прыемна зайсці ў краму і ўбачыць наш абутак, мясныя прадукты, малако на прылаўках. Прыемна, калі мясцовыя спажыўцы цікавяцца беларускімі таварамі. Гэтым можна ганарыцца. А ці будзе запатрабаваны наш тавар у Еўропе? Трэба, штоб мы мелі патрэбу адзін у адным… Як мужчына ў жанчыне, як моцны ў слабым. Еўропу мы дапоўнім менш, чым Азію. Вось толькі, я не разумею, чым мы цікавыя еўрапейцам? Можа, нашымі маладымі людзьмі, якія там будуць працаваць за сціплы заробак? Калі будзем дапаўняць адзін аднаго, тады будзем жыць.
Ва ўтульным дворыку старога Гродна сустрэлі жанчыну Людмілу Пятроўну. Яна лічыць, што трэба больш сябраваць з Расіяй: «Там уся сыравіна – газ, нафта. Еўропа зараз нас прыціскае, наглее. Браты-славяне нас таксама ціснулі спачатку, але потым апамяталіся. А наогул лепш з кітайцамі сябраваць, урад наладжвае з імі суадносіны. Паглядзіце, колькі розных тавараў яны выпускаюць! Вось з імі і трэба сябраваць.
У парку мы сустрэлі шмат цікавай моладзі. Да прыкладу, Аляксандр лічыць, што трэба імкнуцца да Еўропы: «Толькі Еўразвяз можа знішчыць сённяшні рэжым. Расіі выгадна цяперашняе наша становішча. Для пачатку трэба змяніць рэжым. Выбралі б Саннікава, жыццё б наладзілася».
А вось малады хлопец Андрэй кажа, што яму ўсё роўна, з кім побач жыць і з кім сябраваць. Яму і так добра.
Маладая пара Аня і Алег упэўненыя: «Трэба рухацца па Еўрапейскім шляху. Узровень жыцця там лепей, чым у Расіі. Ды і жыць там прасцей і лягчэй – кар’ера, адукацыя». Высноў рабіць не будзем. Але відавочна, што моладзь больш імкнецца ў Еўропу, а старэйшыя людзі – у Расiю.
Меркаванні разышліся і падзяліліся прыкладна 50/50. Што само па сабе цікава: калі перацягваюць канат роўныя сілы, усе застаюцца на сваіх месцах…