Памежнікі моцна трымаюцца за шлагбаўм

Нагадаем, што прадстаўнікі гарадзенскіх фірмаў ТАА «Мерцана» і ТДА «Свідравіна» звярнуліся 16-га красавіка да гарадзенскіх уладаў, каб тыя дазволілі перанесці шлагбаўм у памежнай зоне, які замінае трапіць да помніка паўстанцам 1863 года ў вёсцы Кадыш. Адмоўны адказ прадстаўнікі «Мерцаны» атрымалі літаральна некалькі дзён таму. Сітуацыю тлумачыць дырэктар фірмы «Мерцана» Галіна Фацеева:

 

– Мы дасылалі гэты ліст старшыні аблвыканкаму Сямёну Шапіра, у аблвыканкам і ў «Гроднаінвест. Шапіра па факсу пераслаў яго вайскоўцам, вайскоўцы патэлефанавалі нам і сказалі, што факс не чытабельны, і нам прыйшлося ехаць да іх і адвозіць адмыслова ўсе паперы. Ад прадстаўнікоў аблвыканкама, «Гроднаінвеста» і ад Шапіры мы да сённяшняга часу адказа не атрымалі. І яшчэ – ліст мы дасылалі на беларускай мове, а адказ атрымалі па-расейску. Па закону нам павінны былі адказаць на той самай мове, на якой мы пісалі зварот.

 

На пытанне, што прадстаўнікі «Мерцаны» збіраюцца рабіць далей, Галіна адказвае: «Будзем разбірацца з тымі законамі і ўказамі, на якія яны спасылаюцца і будзем іх жа моваю пісаць ім адказ».

 

Помнік у памежнай вёсцы Кадыш быў адкрыты 21-га траўня 2011 пры ўдзеле Генеральнага консула Польшчы ў Гродне Анджэя Хадкевіча. Помнік паўстаў дзякуючы намаганням гарадзенцаў Сяргея Зылькова і Юрася Мацко.

 

Прадстаўнікі турфірмы у сваім звароце, які падаваўся да гарадскіх уладаў лічаць, што «наведванне турыстамі і краязнаўцамі мемарыяльнай кампазіцыі ў в. Кадыш будзе садзейнічаць развіццю турыстычнага патэнцыялу Гродзенскай вобласці а таксама прэстыжу нашага краю. Асветніцкая і патрыятычная функцыя гэтай кампазіцыя бясспрэчныя».