Парта, як летапіс…
Які там Інтэрнэт! Тым больш, што цікавей пакідаць вобразныя пасланні і чакаць нейкай рэакцыі на іх з боку тых, хто гэтыя пасланні ўбачыць. Складана? Вядома, не. І ці параўнаецца тое, што ты намалюеш ад рукі на парце, з тым, што магчыма стварыць у Інтэрнэце?
На стале можна адлюстраваць больш пачуццяў, і гэта ўбачаць усе, хто за гэты стол садзіцца. І «тварэнне» тваё вельмі складана знішчыць – усё ж такі выканана яно на дрэве, паспрабуй проста так сцерці. У хаце дакладна прыбілі б за такую самадзейнасць, а ў навучальных установах нічога не шкада. А яшчэ вялікую ролю грае небяспека: раптам убачаць, што ты шкодзіш? Адрэналін б`е ў кроў, а ты робіш сваю «чорную» справу. А калі лекцыя нецікавая, і ты амаль засынаеш, толькі маляванне і выратоўвае.
>
Парта стала своеасаблівым летапісам, дзе фіксуецца гісторыя факультэтаў. Там перапісваюцца студэнты з 1 па 5 курсы, адныя надпісы накладаюцца на другія. Па гэтых надпісах можна прасачыць, якія факультэты тут навучаюцца і што хвалюе сучасную моладзь. А хвалюе ўсё тое ж: сустракаюцца надпісы ад «Давай сустрэнемся» да «Тэлефануйце… – не пашкадуеце!». Яшчэ моладзь вельмі хвалююць чалавечыя органы, у прыватнасці – мужчынскія (цікава, да чаго гэта? Можа, маладыя людзі вельмі цікавяцца біялогіяй, а можа с псіхікай непарадак?).
Сустракаюцца філасофскія разважанні на тэму «Усе мужыкі – …!» і каментары да іх. Справа даходзіць да дыспутаў! І памылак амаль няма.
Можна знайсці аб`явы («здаю пакой» ці «жадаю пазнаёміцца»). Няма межаў творчага пошуку, і на сталах з`яўляецца паэзія. Тут ужо – хто на што здольны. Але часцей, на жаль, сустракаюцца не вельмі прыгожыя і не вельмі цэнзурныя вершы – моладзь робіць чарговы крок на шляху развіцця «культуры», стварае новы стыль «пастбрыдкаслоўя». Нядаўна бачыла напісаныя радкі з песні групы Boombox («Знать бы хотя бы где ты, с кем ты…»). Чапляе руская папса за беларускую душу, аж паджылкі трашчаць.
Яшчэ большы размах атрымаў «жывапіс на партах», пры гэтым пераважае партрэтны жанр і выявы жывёл. Куды там Сальвадору Далі! Палотны сустракаюцца самыя разнастайныя. Ад простых чалавечкаў да істотаў-фэнтэзі. Можна знайсці і мышак, і катоў, і сабачак – на любы густ, каму што падабаецца. Вобразы каларытныя, часам нечаканыя! У адной аўдыторыі нават бачыла ружовага труса – гэта увогуле Фрэйдам папахівае і… вясной.
На жаль, усе творы ананімныя. Людзі, краіна павінна ведаць свае таленты ў твар! Не саромейцеся! Замалюеем усе парты, каб пакінуць памяць аб сабе тым, хто будзе вучыцца заўтра. Убачаць яны ўзровень нашай культуры, убачаць, наколькі мы падыходзім для сур`ёзных спраў і абавязкаў. Увогуле, навошта нам станавіцца дарослымі?
P.S. Не ведаю, як вам, а мне вельмі непрыемна сядзець (і тым больш – вучыцца) за партай, дзе напісана і намалявана невядома што. Хочаш – не хочаш, а звяртаеш увагу. І складваецца ўражанне, што ва ўніверсітэце вучацца не дарослыя людзі, якія прыйшлі авалодаць прафесіяй, развіваць свае таленты і паказаць свету, на што яны здольныя, а нейкія шасціклашкі, у якіх толькі-толькі пачынаецца пераходны ўзрост. Не хачу і не буду нікога вучыць, але ж трэба паважаць адзін аднаго, нават калі прытрымлівацца тэорыі Дарвіна.
Вольга Корсун
Фота аўтара