«Серебряная свадьба»: 14 карцінак з чароўнага ліхтара

Новы альбом «Laterna Magica» гэта тое, чаго не хапала, каб усебакова разглядаць творчасць гурта. Ён шмат у чым падобны да папярэдняга, але адначасова падаецца больш жывым, драматычным, эмацыйным і разнастайным.

 

Альбом паўнафарматны і, на вялікую радасць фанатаў, даўжэйшы за папярэдні – агулам 46 хвілін або 14 трэкаў. Ёсць даволі старыя, добра вядомыя з канцэртаў кампазіцыі: «Пищевая цепочка», «Шалашик» альбо «Я так не люблю тебя», хапае і больш новых твораў, якія, аднак, сталым наведнікам выступаў гурта павінны быць таксама вядомыя. Акрамя аўтарскіх тэкстаў Бенькі, у адной з песень выкарыстаны тэкст Бертальда Брэхта (гэтаксама ў «Сардэчнай мускулатуры» быў адзін тэкст Поля Вэрлена).

 

Запіс, як і мінулым разам, зроблены на мінскай студыі «Осмос» і не выклікае нараканняў. Наадварот, ён дазваляе цалкам акунуцца ў творчасць гурта. Цікава, што гэтым разам у запісе прыняло ўдзел яшчэ больш запрошаных музыкаў, сярод іх выдатнейшы клавішнік Канстанцін Гарачы са сваім фірмовым электраарганам, Ілля Чарапко-Самахвалаў (гурты «Кассиопея» і «Петля Пристрастия»), вакал якога чуваць на 9 і 10 трэках і нават Арцём Атрашэўскі з партыяй на зусім экзатычным для Беларусі тэрменвоксе.

 

У альбоме ўжо менш гісторый з жыцця розных рэчаў: пакецікаў, якія ганяе вецер па вуліцы або блакітных сукенак, што дажываюць свой час на сметніку. Праграма падаецца больш антрапацэнтрычнай, лірыка дакладна гэтым разам больш чалавечая (у кранальнай песні «Черная речка» дык наогул прысвечаная вельмі канкрэтнай асобе). Тэмы ўсё тыя ж: каханне ў розных яго праявах, сустрэчы і растанні, жыццё, смерць, дэкаданс. Нецэнзурная лексіка прысутнічае зусім ашчадна, цалкам упісваючыся ў спецыфічную лірыку Бенькі.

 

Выдатны узровень альбома – вынік доўгай дзейнасці гурта, яго зладжанасці, выпрабаванай на шматлікіх канцэртах і розных публіках праграмы. Такім, амаль выключна канцэртным гуртам, як «Серебряная свадьба» не пагражае «сіндром другога» ці якога іншага альбома. Ім пагражае сам працэс запісу, які не можа перадаць дакладна таго, чым з’яўляецца творчасць гурта для яго прыхільнікаў. На шчасце, музыкі выдатна справіліся з абодвума дыскамі.

 

Хаця Laterna Magica падаецца цалкам самастойнай і скончанай праграмай, гурт плануе выпусціць другую частку альбома, якая не была запісаная толькі праз банальны недахоп часу. Спадзяюся, што гэта адбудзецца ў хуткім часе. Акрамя таго, не варта забывацца, што ўвесь час востра адчуваецца недахоп прыстойна запісанага канцэрта на DVD – у гэтым накірунку варта засяродзіць намаганні ў будучыні.

 

Гурт: Серебряная свадьба

Альбом: Laterna Magica

Жанр: фрык-кабарэ

Дзе ўзяць: спампаваць з сайта мультылэйбла «Пяршак»

Ацэнка: 8/10

 

Графічнае афармленне альбома –  Максім Осіпаў