Амаль кожны другі беларус карыстаецца інтэрнэтам

|

Нягледзячы на тое, што па дадзеных, агучаных у канцы мінулага года ў Information Economy Report 2011, Беларусь патрапіла ў дваццатку краін, у якіх колькасці інтэрнэт-карыстальнікаў расце найбольш хутка, у параўнанні з іншымі еўрапейскімі краінамі сітуацыя з “інтэрнэтызацыяй” ў нас пакуль не радасная. 

 

Паводле агучаных нядаўна БЕЛТА звестках, колькасць карыстальнікаў інтэрнэту на пачатак гэтага года складала ў нашай краіне 39% насельніцтва (на Гарадзеншчыне, па дадзеных міжнароднага агенцтва Gemius, інтэрнэтам карыстаецца каля 10% насельніцтва). 

 

Гэта адзін з найгоршых паказчыкаў сярод нашых суседзяў. У Эстоніі яшчэ два гады таму інтэрнэтам карысталіся 71 % насельніцтва. У Латвіі – 75%,  у Літве – 57%, Польшчы 50%.

 

Горш за беларусаў сітуацыя выглядала ў Расіі (36%) і Украіне (33%).

 

Абсалютнымі лідэрамі ў Еўропе па гэтым паказчыку з’яўляюцца Ісландыя (90%), Нарвегія (88%), Швецыя і Галандыя (па 86%).

 

Па паказчыку доступу да хуткаснага шырокапалоснага інтэрнэту Беларусь са сваімі 9% ахопу насельніцтва займае апошняе месца ў Еўропе.

 

Вось як, да прыкладу, выглядае сітуацыя з доступам да хуткаснага інтэрнэту ў краінах Еўрасаюзу (на графіку адлюстраваная колькасць карыстальнікаў шырокапалосным інтэрнэтам на 100 чалавек насельніцтва краіны).

 

 

 Апроч не самых высокіх месцаў у рэйтынгу “інтэрнэтызацыі”, нашая краіна стала займае нізкія месцы ў рэйтынгу свабоды інтэрнэту.

 

Так, у апошнім даследаванні арганізацыі Freedom House, ніжэй за нашую краіну па гэтым паказчыку знаходзяцца толькі Эфіопія, Куба, Бірма, Саўдаўская Аравія, Ўетнам, Кітай, Іран.

 

Па дзіўным супадзенні – амаль усе нашыя геапалітычныя саюзнікі…

 

Даведка ТС:


Сусветны дзень электрасувязі і інфармацыйнага грамадства адзначаецца 17 траўня невыпадкова.

 

У гэты дзень у 1865 г. была падпісаная першая Міжнародная тэлеграфная канвенцыя, а 17 траўня 1991 г. быў прадстаўлены першы ў свеце інтэрнэт-сервер і зацверджаны стандарт для вэб-старонак WWW.

 

Гэты дзень лічаць сваім прафесійным святам праграмісты, сістэмныя адміністратары, інтэрнэт-правайдэры, вэб-дызайнеры, а таксама рэдактары інтэрнэт-выданняў і многія іншыя людзі, якія працуюць у сферы інфармацыйных тэхналогій.