Гродзенскія арнітолагі выратавалі пустальгу, якая заблукала ў касцёле
Дзмітрыю Вінчэўскаму патэлефанавалі з просьбай аб дапамозе з Пабернардынскага касцёла, у памяшканні якога сокал-пустальга лётаў некалькі дзён.
Дзмітрый Вінчэўскі:
–Ксёндз-пробашч звярнуўся да мяне ў аўторак. Аказалася, што птушка знаходзіцца ў касцёле як мінімум з мінулага чацьвярга.
Зусім не зразумела, як яна туды трапіла: вокны не адчыняюцца, з паддашша таксама не магла заляцець.
Спачатку мы спужаліся, што гэта птушка адна з пары, якая гняздуе на фасадзе гэтага касцёлу, а тады кладка хутчэй за ўсё загінула.
Але аказалася, што сокалы на месцы, а ў касцёле лётае птушка з невядомай нам пары.
Палонніца сядзела амаль без руху на адным з выступаў у цэнтры касцёла і ніяк не рэагавала ні на спробы спалохаць яе ўспышкамі фотаапаратаў, ні на запіс песьні вялікай сініцы.
У шырока расчыненыя дзверы птушка таксама вылятаць не захацела.
У ратаванні птушкі спрабавалі дапамагчы і супрацоўнікі МНС, аднак не змаглі: іх пераносныя лесвіцы маюць толькі 15 метраў вышыні, а да столі касцёлу – 22 метры.
Выратавальная аперацыя паспяхова скончылася толькі ўчора ўвечары.
Гродзенскія арнітолагі, якія ўпершыню сутыкнуліся з падобнай сітуацыяй, пракансультаваліся з больш дасведчанымі калегамі, прыхапілі з сабой сетку і жывую мыш.
Аднак птушкі яны не ўбачылі.
Затое галодная пустальга, якая наўрадці што ела цягам тыдня, адразу зрэагавала на шабуршэнне мышы ў скрыні і падляцела бліжэй, каб разгледзіць патэнцыйную здабычу.
З другой спробы сокала, які атакаваў мыш, удалося злавіць.
Выратаваную птушку акальцавалі і ўзважылі. Вага дарослай самкі аказалася ўсяго 170 грам, замест неабходных 220-250. За час вымушанай галадоўкі пушка страціла 15-30% масы.
Пустальгу назвалі Феліцыяй.
Дзмітрый Вінчэўскі:
– Адкармлівалі яе: спачатку скармілі мыш, якую яна так і не злапала, цяпер – кавалкі курыцы. Звычайна сокал-пустальга за дзень з’ядае 3-4 мышы.
Птушка спужаная, спрабуе вырвацца. У абед мы яе выпусцім.
Не ведаю, адкуль яна ўзялася, магчыма з аднаго з першых вывадкаў пары, што гадоў 7 гняздуе на фасадзе касцёла? Птушанят апошніх трох вывадкаў мы практычна ўсіх акальцавалі, але гэтыя птушкі жывуць да 20 гадоў.
Здымкі з сайта http://birdwatch.by
Падрабязную гісторыю ратавання і больш здымкаў глядзі тут