У першым беларускім ФотаБатле перамагла каманда з Гродна

|

ФотаБатл прайшоў у Гродне 12 мая і стаў першым мерапрыемствам ІІІ Фестывалю моладзевай журналістыкі “Твой стыль”.

 

 Раніцой каманды-удзельніцы атрымалі заданне зняць сэрыі здымкаў на тэмы «Быць у стылі», «Горад сёння»,  «Еўропа, мы свае!» і ў той жа дзень даслалі свае працы арганізатарам турніра.

 

Сваімі ўражаннямі ад спаборніцтваў удзельнікі падзяліліся на сайце ІІІ Фестывалю моладзевай журналістыкі.

 

На думку журы (журналісты Юрый Сідун, Крысціна Карчэўская і старшыня арганізацыі Belarus Watch Марыянна Суткене) каманда “Рабкор” найбольш цікава выканала ўсе тры серыі.

 

У каманду “Рабкор” (на здымку вышэй) аб’ядналіся Дзмітрый Бандарчук, Іван Кудзінаў, Таццяна Суліма і Таццяна Храмава. Усе яны з Гродна і сябруюць шмат гадоў.

 

Дзмітрый Бандарчук распавёў “Твайму стылю”:


-Каманда сабралася імкліва. У мінулым годзе некаторыя з нас наведвалі школу фатографаў пасля таго як набылі добрыя камеры. Ідэя ўдзелу ў ФотаБатле нас захапіла, бо не толькі прафесіяналу, а і  фатографу-аматару неабходна мець практыку. Галоўнае  – майстэрства заўважаць рэчы, якія можа ўбачыць кожны, але не кожны заўважае. У гэтым мы і хацелі папрактыкавацца.


Таму перамога стала зусім нечаканай, бо шмат добрых здымкаў прадставілі іншыя ўдзельнікі. У дзень ФотаБатлу надвор’е не вельмі спрыяла, ішоў дождж, але, з іншага боку, гэта было лепш для фотаздымкаў.


Каманда “Рабкор” да таго ж стала пераможцай  у  серыі “Еўропа, мы свае!”

 

Паглядзець фотаздымкі ўсіх удзельнікаў ФотаБатлу можна тут.

 

Здымак каманды “Рабкор” з серыі “Быць у стылі”