У Слоніме лядовы палац пабудуюць да «Дажынак», Ваўкавыск не мае перспектыў

З рэспубліканскага бюджэту ўжо ў 2009 годзе планавалі выдзеліць чатыры з паловай мільярды рублёў для будаўніцтва слонімскага лядовага палаца. Пляны змяніў сусветны фінансавы крызіс.

Сёлета на адной з прэс-канферэнцый старшыня Гродзенскага аблвыканкаму Сямён Шапіра заявіў, што да «Дажынак», якія мяркуецца правесці ў Слоніме ў 2016 годзе, будзе збудаваны лядовы палац.

Галоўны архітэктар Слонімскага раёну Таццяна Лянцкевіч пацвердзіла, што праект палаца і месца, дзе ён будзе збудаваны, ужо ёсць.

«Ужо распрацаваны праект лядовага палаца на 800 месцаў па праспекце Незалежнасці ў паўднёва-заходнім жылым раёне. Распрацаваны архітэктурны праект, а цяпер вядзецца распрацоўка будаўнічага праекту. Плануецца, што ў нас будзе нармальны лядовы палац, як у Лідзе ці ў Пружанах».

 

На інтэрнэт-форумах жыхары Слоніма выказваюцца наконт будаўніцтва лядовага палаца па-рознаму. Шмат каму хочацца, каб у іхнім горадзе з’явілася падобнае збудаванне, прычым ня горшае, чым у іншых гарадах.

Жыхар Слоніма Сяргей Чыгрын сцьвярджае, аднак, што большасць слонімцаў лічаць інакш: сродкі, якія плануюць накіраваць на будоўлю лядовага палаца, варта было б пусціць на іншыя патрэбы гараджан.

Слонім, напэўна, адзіны горад у Беларусі, дзе няма парку адпачынку…
 

Чыгрын: «Частка людзей кажа, што лепш будавалі б жыллё для людзей і зрабілі дзіцячы парк у горадзе, бо з дзецьмі ў горадзе няма куды пайсці. Няма нават дзіцячай кавярні, атракцыёнаў, адным словам — няма парку адпачынку. І гэта, напэўна, адзіны горад у Беларусі, дзе няма парку адпачынку».

У Ваўкавыску пра планы будоўлі Лядовага палаца ўжо забыліся. Вось што сказаў «Свабодзе» загадчык аддзелу спорту і турызму Ваўкавыскага райвыканкаму Ўладзімер Бацько:

«На дадзены момант нічога будавацца не будзе. Будаўніцтва планавалася за кошт сродкаў з рэспубліканскага бюджэту. Нават існаваў праект на 800 месцаў, але потым вырашылі, што будавацца не будзе. І на сённяшні дзень у мяне няма аніякай інфармацыі па будаўніцтве Лядовага палаца».