Аб чым могуць расказаць дзіцячыя пляцоўкі

Любыя дзеянні і крокі па паляпшэнню з боку грамадскасці свайго урбан-жыцця разбіваюцца аб непераадольную сцяну з боку чынавенства. Пра гэта красамоўна сведчаць словы старшыні Гродзенскага аблвыканкама Сямёна Шапіры падчас правядзення прамой лініі з жыхарамі Гродна: «Грамадскія слуханні (па вырубцы дрэваў- аўт.), з-за таго што іх ператвараюць у незразумелыя палітычныя супрацьстаянні, вырашана больш не праводзіць».

 

Вось так. Любая грамадзянская актыўнасць можа прыраўняцца да палітыкі. Гэтыя словы літаральна перакрэсліваюць магчымасць гараджан прымаць актыўны удзел у жыцці нашага горада ды нешта вырашаць. Аднак гарадская прастора – гэта складаны механізм і была яна створана для насельніцтва. Для нас з вамі. Тут нам павінна быць камфортна, зручна, а галоўнае – бяспечна. Асабліва нашым дзецям.

 

У такіх беседках падгніваюць аснаванні, і яны таксама падаюць у нашым горадзе

 

Але «грыбкі», якія не так даўно «зваліліся» на дзіцячых пляцоўках у мікрараёне Фолюш, кажуць аб адваротным. Можна колькі заўгодна казаць аб тым, што вінаваты падлеткі, якія віселі на дадзенай канструкцыі, але варта прызнаць, што ў нашай гарадской прасторы для іх, падлеткаў, увогуле няма месца.

 

У горадзе, акрамя трапы здароўя і ў некаторых дварах пляцовак для футбола, баскетбола, валейбола, хіба што, больш нічога і няма. Веладарожкі, скейтадром, веладром… Гэта нам можа толькі сніцца. З дзіцячымі пляцоўкамі, як быццам, справа выглядае лепш. Не паспрачаешся, яны ёсць. Але якія? І ці задаволены гараджане?

 

Невялікае даследванне на гродзенскім форуме сярод маладых мам паказала, што большасць лічыць іх небяспечнымі і незадаволена імі. Пераважаючыя жалезныя элементы, хоць даўгавечней, чым драўляныя ды пластыкавыя, аднак больш траўматычныя для дзяцей. Абследаваўшы шмат дзіцячых пляцовак, я прыходжу да высновы, што, нажаль, большасць з іх маюць тыя самыя небяспечныя жалезныя элементы.

 

Вось, напрыклад, арэлі. Яны прызначаны для больш старэйшых дзяцей, але часцяком будуюцца побач з пясочніцамі, дзе гуляюць зусім маленькія дзеткі, якія выпадкова могуць трапіць пад іх. Што рабіць?

Арэлі каля пясочніц

Элементы арэляў

Калі дом адносіцца да таварыства ўласнікаў, то трэба, сабраўшы саміх жальцоў ці іх подпісы, ісці да старшыні праўлення і прасіць ці патрабаваць, зыходзячы з сітуацыі, пераносу арэляў у іншае месца. Так зрабілі ў адным з дамоў па прашпекце Кляцкова. Перамовы з праўленнем прынеслі станоўчы вынік.

 

Калі дом знаходзіцца ў падпарадкаванні ЖРЭА, вам таксама дапамогуць подпісы жыльцоў, а яшчэ актыўная жыццёвая пазіцыя ды вольны час, бо перамовы з гэтай арганізацыяй могуць нагадваць ваенныя дзеянні.

 

У нашым двары дзіцячай пляцоўцы ўжо 15 год, арэлі небяспечныя, часцяком ламаюцца і жудасна рыпяць, асабліва ноччу, калі камусьці не вельмі цвярозаму захочацца рамантыкі (памятаеце, як у тым анекдоце: «Мужык, таўкані»?). Аднак майстар з узгаданай арганізацыі адмаўляецца зносіць арэлі, толькі абяцае адрамантаваць.

 

На сённяшні дзень няма ніякіх нормаў, колькі і чаго павінна быць на дзіцячай пляцоўцы і дзе гэтае абсталяванне павінна знаходзіцца. Усё гэта – да пытання аб поўным неразуменні, як павінны быць уладкаваныя грамадскія прасторы і поўнай абыякавасці людзей, якія займаюцца добраўпарадкаваннем тэрыторый. Калі б тыя ж маладыя бацькі былі ўключаны ў стварэнне гарадской прасторы, шмат праблем проста не ўзнікала б спачатку.

 

Дарэчы, ў еўрапейскіх і нават у бразільскіх гарадах самі дзеці і падлеткі ўваходзяць у розныя камісіі па добраўладкаванню ды ў праўленні гарадоў!

Дзіцячыя пляцоўкі ў Польшчы

На дадзены момант у нашай краіне пытанне дзіцячых пляцовак існуе толькі ў так званых СанПінах. Там сказана, што юрыдычныя асобы, за якімі «рашэннямі мясцовых выканаўчых і распарадчых ворганаў улады замацаваны тэрыторыі, абавязаны забяспечваць рамонт і штогадовую асвяжальную афарбоўку абсталявання дзіцячых пляцовак» (п.28 Санітарных правіл і нормаў утрымання тэрыторый – СанПіН 2003/07/10 ў новай рэдакцыі, ўведзеныя з 2006/01/02 г.).

 

А таксама ў выпадку, калі ў ходзе эксплуатацыі ўзнікаюць няспраўнасці, якія пагражаюць бяспечнай працы абсталявання, яны павінны быць неадкладна ліквідаваны. Калі гэта немагчыма, то неабходна спыніць эксплуатацыю абсталявання, напрыклад, шляхам дэмантажу, спыненнем працы.(Дзяржаўны стандарт Рэспублікі Беларусь – СТБ ЕН 1176-7-2006, уведзены з 1 студзеня 2008 года). Вось, уласна, і ўсё.

 

Пра небяспечнасць элементаў і матэрыялу, з якога павінны быць зроблены гэтыя пляцоўкі, – ні слова. Таксама ні слова пра пакрыццё, на якіх яны стаяць. Добра, калі гэта пясок ці трава, а калі бетон ці плітка? Якая тады розніца, з чаго зроблены гульнявыя элементы самой канструкцыі?

 

Вось у нашым парку імя Жылібера вельмі файная пляцоўка, да таго ж горкі гэтыя бесплатныя, шмат малых там лазіць, але стаіць гэтае сучасны пластыкавы цуд на… бетоннай плітцы. Што не вельмі бяспечна. Ды, як казалі маладыя мамы, не хапае ў парку простых пясочніц. Сапраўды, малым дзеткам мала патрэбна. Быў бы толькі чысты пясок. А з ім праблемы не толькі ў парку, а і ў дварах. Напрыклад, у цэнтры да новага сезону яго проста не завезлі.

 

Тэлефаную ў свой ЖРЭА:

 

– Калі прывязуць пясок на нашую дзіцячую пляцоўку?

– Калі дасць згоду санстанцыя

– А калі дасць?

– Не ведаем…

 

Суседзям паабяцалі ўжо на гэтым тыдні падвезці пясок. Што ж, будзем чакаць.

 

Пляцоўкі ў новых мікрараёнах

 

Трэба адзначыць, што сітуацыя ў з дзіцячымі пляцоўкамі адрозніваецца ад таго, новы гэта мікрараён ці стары горад. У першым выпадку каля новых дамоў робяць больш-менш добрыя пляцоўкі, дзе і абсталяванне з пластыка, і фізкультурныя прылады для больш дарослых размяшчаюцца асобна ад пясочніц і міні-горак для зусім маленькіх. Таксама ў новабудоўлях узводзяцца і спартовыя пляцоўкі.

 

Адрамантавалі. Паабяцалі пафарбаваць…

Аднак было заўважана, што на большасці дзіцячых пляцовак існуюць тыя самыя небяспечныя падаючыя «грыбкі». Ды і часцяком пляцоўкі гэтыя стаяць на сонцапёку, побач няма дрэваў ці нейкага даху, які б мог абараніць ад неспадзяванак надвор’я.

 

Трэба яшчэ заўважыць, што пры нашых умовах пластыкавыя горкі доўга не жывуць. Бо нашыя ўмовы – гэта адсутнасць адказнасці кожнага за свой горад. Не маё – не шкада. Просты чалавек не ўключаны ў актыўнае гарадское жыццё. Калі б чалавек ведаў, колькі грошаў з яго кішэні (падаткаў) ідзе на тыя ці іншыя змены ў горадзе, сітуацыя магла б памяняцца. Але гэта зусім іншая гісторыя…

Фота ў Гродна – аўтара, фота з Польшчы – Наталля Ягорава, спецыяльна для ТС