Гарадзенскія студэнты змогуць паўдзельнічаць у навучальным візіце ў Польшу
З 2007 года праграму STP каардынуе Калегія Усходняй Еўропы імя Яна Новака-Езяраньскага з Уроцлава.
Гэтая праграма запрашае да ўдзелу маладых людзей, узростам 18-21 год з Беларусі, Украіны, Малдовы ды Расейскай Федэрацыі (з Калінінградскай і Ленінградскай абласцей). Падчас наведвання Польшчы, студэнты маюць магчымасць пазнаёміцца з працай польскіх універсітэтаў, паглядзець знутры, як арганізавана жыццё ў студэнцкім асяроддзі, сустрэцца з прадстаўнікамі няўрадавых арганізацый, а таксама з лідарамі грамадскага жыцця. А можа нават і з прэзідэнтам краіны, як калісьці ў 2004 годзе, тады яшчэ з Аляксандрам Квасьнеўскім, сустракалася і я ў складзе першага набору гэтай праграмы.
Добрай традыцыяй стала арганізацыя розных навучальных лекцый, семінараў, практычных заняткаў. Арганізатары таксама не забываюцца пра культурныя мерапремства і цікавае баўленне часу. Гэта можа быць удзел у нейкіх адмысловых выставах ці шматдзённае вандраванне па цікавых мясцінах Польшчы.
Аднак для ўдзелу ў гэтай праграме існуюць адмысловыя патрабаванні – узрост ад 18 да 21 года, грамадзянства Беларусі, Малдовы, Украіны ці РФ, атрыманне адукацыі ў гэтых жа краінах, наяўнасць дзейснага пашпарта (тэрмін дзеяння не можа быць карацейшы чым да 1 сакавіка 2013 года). Таксама вы не павінны раней удзельнічаць ў Study Tours to Poland ды Study Tours in Gdynia. Арганізатары звяртаюць увагу на тое, што працэдура падачы заявак на ўдзел у праграме бясплатная і працягнецца да 30.06.2012.
Анкета і спіс неабходных да яе дадаткаў знаходзяцца на сайце праграмы.
Ілюстрацыя: superline.ru